Як суд патроліў журналіста Змітра Галко
“Што мы ўбачылі? Што Мінскі гарадскі суд вельмі добра ўмее троліць, — распавядае Еўрарадыё экс-рэдактар “Беларускага партызана”. — Была сказаная сакраментальная фраза, якой я, наіўны, чакаў: “Прысуд суда Савецкага раёна змяніць”. Тут была тэатральная паўза. А пасля: “Судовыя выдаткі змяніць з 18 рублёў 18 капеек на 18 капеек, а ў астатнім прысуд пакінуць без змен”. Я гэта расцэньваю як вясёлы, у пэўным сэнсе, тролінг”.
Цяпер журналіст дакладна адправіцца на “хімію”. Адтуль ён плануе падаваць наглядныя скаргі і звяртацца ў Вярхоўны суд.
Галко лічыць прысуд палітычна матываваным: “Гэта бачна нават па тэрміне, які мне прысудзілі. Я глядзеў судовую практыку, калі нават чалавек з пятай судзімасцю атрымаў год, а яшчэ адзін — шэсць месяцаў арышту ўмоўна”.
Час паміж вынясеннем прысуду і днём, калі разглядалася апеляцыя, Зміцер прысвяціў сям’і. Дапамагаў з вучобай свайму сыну Яну і нават знайшоў падлетку працу. Дарэчы, сын жадае пайсці па слядах бацькі і стаць журналістам.
9 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе разглядалася апеляцыя Зміцера Галко. Прысуд быў зменены, аднак чатыры гады "хіміі" ў ім засталіся. З улікам часу, праведзенага за кратамі, журналісту давядзецца адбыць 3,5 года абмежавання волі.