Як у мінскім судзе кнігарню Логвінава судзілі. Рэпартаж з паседжання
Выдавец сябе вінаватым не прызнае, суддзя перанёс працяг разгляду на 9 студзеня.
— Гэта што тут такое?
— Круты суд будзе. Заставайся, паглядзіш.
Прыкладна так абмяркоўваюць першы гучны працэс года міліцыянеры з аховы Мінскага эканамічнага суда. 5 студзеня тут разглядаюць справу кнігавыдаўца Ігара Логвінава. Напрыканцы мінулага года падатковая інспекцыя налічыла парушэнняў у працы кнігарні “Логвінаў” амаль на мільярд рублёў. Цяпер суд павінен вырашыць, што з гэтым усім рабіць.
Некалькі дзясяткаў журналістаў і пісьменнікаў пускаюць у будынак суда, але ў невялічкі пакой, дзе праходзіць пасяджэнне, акрамя Логвінава з адвакатам трапляюць толькі пяць чалавек — падатковы інспектар, праваабаронца Алена Танкачова, жонка Логвінава Таццяна і два журналісты. Афіцыйная прычына — чаканае “прабачце, але няма большай залы”.
Паседжанне працягваецца прыкладна паўгадзіны. Завяршаецца прадказальна — пераносам на іншы дзень. На выхадзе з залы суда Ігар Логвінаў кажа, што адчуваў сябе перад суддзёй не вельмі прыемна.
“Пакуль ні сума штрафу не вядомая, нічога. Толькі разглядалі наша меркаванне аб справе, меркаванне падатковай інспекцыі. Справу па сутнасці. Пакуль перапынак будзе. Раней у мяне гэткага досведу не было. Нязвыкла і не вельмі прыемна”.
Падчас непрацяглага разгляду справы суддзя Кулакоўскі спрабуе высветліць, чаму Ігар Логвінаў за амаль цэлы 2014 год не атрымаў рэгістрацыю на гандаль кнігамі ў Мінінфармацыі. У адказ выдавец з адвакатам паказваюць кіпу копій пададзеных заяваў і такую ж кіпу адмоваў. І копію сваёй скаргі ў Вярхоўны суд на дзеянні Мінінфарма. Маўляў, рэгістрацыю не давалі неабгрунтавана, цяпер гэтым займаюцца вышэйстаячыя інстанцыі, і ўвогуле, кіраўніцтва Мінінфармацыі мае на Ігара Логвінава персанальны зуб.
Абмяркоўваюць і фінансавыя справы. Суддзя распытвае, чаму скарга ў Вярхоўны суд пададзеная толькі цяпер. Логвінаў адказвае, што для гэтага трэба плаціць пошліну — 3 мільёны. А яго выдавецтва да апошняга спадзявалася на рэгістрацыю. І дадае, што налічаны падатковай 961 мільён — гэта не прыбытак, а агульны абарот кнігарні. Гаворыць Логвінаў і пра свой невялікі заробак памерам 600 тысяч рублёў, і пра заробкі іншых супрацоўнікаў у 2-3 мільёны. Кажа, што за ўсе гады дзейнасці кнігарня толькі-толькі канцы з канцамі зводзіла, аб прыбытках гаворкі няма.
— Як так? У вас жа памяшканне ў цэнтры горада, прэстыжнае месца.
— Яно не наша, памяшканне арандуем.
— І колькі плаціце?
— 20 мільёнаў у месяц.
Суддзя Кулакоўскі распытвае прадстаўніка падатковай пра праверку, паведамляе адвакату, што “законнай падставы прыпыніць справу няма”, а “можна яе толькі зацягнуць”. Заяўляе, што далучыць да справы скаргу Логвінава на Мінінфармацыі, пададзеную ў Вярхоўны суд, таксама не можа — яна да праверкі падатковай інспекцыі прамога дачынення не мае. А яшчэ пытаецца ў Ігара Логвінава, ці прызнае ён сваю віну:
— Вы прызнаеце віну?
— Не. Я прызнаю, што мы гандлявалі кнігамі, але сваёй віны ў тым, што не мелі рэгістрацыі, не прызнаю.
— Але вы ведаеце, што прызнанне віны магло б быць палягчаючым пакаранне фактарам?
— Я не прызнаю сваёй віны.
Суддзя ўздыхае і пераносіць працяг разгляду справы кнігарні Логвінава на 9 студзеня. Заадно просіць перадаць грамадскасці і журналістам, каб не прыходзілі ў такой вялікай колькасці.
На выхадзе з суда Ігар Логвінаў раскрывае журналістам сакрэт: чым бы для яго асабіста справа не скончылася, кнігарня і выдавецтва працягнуць працаваць:
“Я працягваю выдавецкую дзейнасць. Там зарэгістраваная новая юрыдычная асоба, яна працягвае працу. Гэта адзін са шляхоў вырашэння дадзенай праблемы — працяг дзейнасці ад імя новай юрыдычнай асобы і спроба атрымаць рэгістрацыю на продаж кніг у Мінінфармацыі ад яе імя”.
Але асабіста для Логвінава не ўсё так аптымістычна. Калі 9 студзеня эканамічны суд прызнае прэтэнзіі падатковай правамоцнымі, выдаўцом можа зацікавіцца Дэпартамент фінансавых расследаванняў. А там магчымы і немалы рэальны турэмны тэрмін.
Фота Аляксандр Васюковіч, tut.by