Як вінзаводы дэгустуюць беларускае віно: Па букеце ў нас не ацэньваюць

Як вінзаводы дэгустуюць беларускае віно: Па букеце ў нас не ацэньваюць

Беларускае віно — прадукт-загадка. Без сваіх вінаграднікаў мы робім алкагольны напой, які заваёўвае на конкурсах нейкія прызы. Яго нават дэгустуюць. Каб пакаштаваць, збіраецца адмысловая камісія. Закусваюць віно сырам, печывам, мясам… А ў народзе яго клічуць "бырлам" і каштуе яно, амаль як піва.

"На прадпрыемстве створаная дэгустацыйная камісія. Раз на месяц праводзіцца дэгустацыя. Ёсць шэраг паказчыкаў: знешні выгляд, колер, смак і водар", — апісваюць Еўрарадыё на прадпрыемстве "Ілаўскае".

Еўрарадыё: А хто дэгустуе, гэта самелье?

"Ілаўскае": Ёсць курсы дэгустатараў, цяпер яны ў Беларусі ёсць. Раней мы ў Ялту ездзілі на курсы. Там атрымоўвалі пасведчанне. У камісію ўваходзяць майстры з цэхаў, тэхнолагі.

Еўрарадыё: А нейкія закускі патрэбныя да дэгустацыі?

"Ілаўскае": На дэгустацыі мусіць быць нешта на стале. Вада абавязкова, каб бакал прамыць. Сыр мусіць быць, нешта мясное, хлеб, печыва. Але без нейкіх водараў, каб не збіваць тое, што мы каштуем.

 

Віну ставяць адзнакі: ад 1 да 10

 

На навагрудскім заводзе віна таксама распавядаюць пра камісію, якая каштуе прадукт. Віну ставяць балы.

"Па букеце ў нас не ацэньваюць. Складаецца пратакол і выстаўляюць балы", — апісваюць на прадпрыемстве.

Як даведваемся ад розных вінаробных беларускіх заводаў, балы могуць быць ад 1 да 10, на некаторых прадпрыемствах могуць выкарыстоўваць іншую шкалу ацэнкі.

Але не ўсе вытворцы віна ў плюсе.

"Мы разарыліся, распрадаём усё", — ледзь не радасна паведамляюць на Віцебскім вінаробным заводзе. Яшчэ на двух заводах кажуць, што адмовіліся ад вырабу "чарніл" і перайшлі на настойкі ды гарэлку.

 

Пах парэчкі і брагі

 

Як запэўнівае прадаўшчыца, беларускае віно бяруць не толькі п'яніцы.

"Былі два прыстойныя мужчыны, дык усё віно беларускае ў нас перакаштавалі", — апісвае прадаўшчыца ў краме "Амаціста" ў Мінску.

Паддаўшыся, бярэм пляшку віна з чорных парэчак. Бутэлька — як ад грузінскага ці італьянскага віна, шкляная з натуральным коркам. "Яскравы і яўна адчувальны водар і смак чорных парэчкак", — абяцаюць вырабнікі. Па парадзе самелье бярэм на закуску сыр.

Калі пляшку адкаркоўваеш, спачатку адчуваецца пах парэчак. Але ўжо праз некалькі хвілін не вельмі прыемна патыхае брагай. Праз два глыткі пачынае кружыцца галава, дапіць бакал у сто грамаў не атрымоўваецца.

Па статыстыцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найбольшым ужываннем алкаголя на душу насельніцтва. У 2014 годзе дыягназ "алкагалізм" ці "алкагольны псіхоз" атрымалі 20463 чалавекі, паведамляе Белстат.

 
Сітуацыю з залежнымі люзьмі абмяркуюць на першым "Медыямарафоне Не-залежнасці", які пройдзе ў Беларусі 26 траўня. Цягам 24 гадзін у студыі прасторы "Верх" у Мінску будуць транслявацца сустрэчы з экспертамі, лідарамі меркаванняў, музыкантамі, грамадскімі дзеячамі. Місія "Марафона Не-залежнасці" ў пошуку і аб'яднанні людзей для вырашэння агульных праблем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі