Як змагацца з крызісам адукацыі, якога ў нас няма?
Адказ на гэта спрабавалі знайсці прадстаўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных ВНУ падчас сумеснага кругла стала.
“Еўропе зараз трэба вызначыцца: як супрацоўнічаць з Беларуссю, каб не закрануць... ідэалогію адукацыі”, — такое меркаванне прагучала падчас мерапрыемства.
У субботу, 6 лютага, у Мінску прайшоў “круглы стол” “Палітыка ЕС і Беларусі ў галіне адукацыі: дзелімся досведам”. Мэтай мерапрыемства, па задуме арганізатараў, быў абмен інфармацыяй і досведам працы паміж Еўрасаюзам і Беларуссю ў галіне адукацыі. А адным з пунктаў абмеркавання ў праграме значылася: “Крызіс вышэйшай адукацыі”.
Сама тэма абяцала цікавую дыскусію. Асабліва з улікам таго, што на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных ВНУ. Але намеснік начальніка ўпраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Эдуард Шаўцоў адразу заявіў,што ніякага “крызісу вышэйшай адукацыі” ў нас няма.
Эдуард Шаўцоў: “Крызісу ў сістэме адукацыі Беларусі няма. Канешне, ёсць уплыў крызісу на развіццё сістэмы адукацыі. Але ўжо, як кажуць, іншае пытанне”.
Больш за тое, па словах чыноўніка, у нашай краіне, пазбаўленай значных прыродных рэсурсаў, менавіта вышэйшая адукацыя з’яўляецца важнейшым фактарам стабільнасці эканомікі. І для падтрымкі гэтай стабільнасці ў нас ёсць усе неабходнае: выбітныя навуковыя школы, прызнаныя сусветнай навуковай грамадскасцю, і высокакваліфікаваныя кадры выкладчыкаў. Адна бяда — кадры гэтыя старэюць.
Эдуард Шаўцоў: “Мы спрабуем вырашыць гэтую праблему. І таму ў нашай краіне працягваецца мэтанакіраваная праца па фармаванню перспектыўнага навукова-педагагічнага патэнцыялу ВНУ”.
Ёсць, праўда, і яшчэ адна праблема — дыпломы беларускіх ВНУ не маюць афіцыйнага прызнання ў свеце. А ўсё з-за таго, што наша краіна не падпісала Балонскую канвенцыю. Але і гэта плануецца выправіць ужо сёлета.
Эдуард Шаўцоў: “Мы лічым, што асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай сістэмы адукацыі не супярэчаць асноўным прынцыпам Балонскай дэкларацыі. Як і міжнародным стандартам у сферы адукацыі ўвогуле. Летась на пасяджэнні рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ, рэктары вырашылі, што яны гатовы да дзейнасці з улікам Балонскіх ініцыятваыў. Гэта значыць, што Беларусь можа далучыцца да Балонскана працэса. Магчымы тэрмін далучэння — гэты год, 2010-ы”.
Еўрарадыё ўзгала пра яшчэ адну праблему: міністр адукацыі апошнім часам кажа, што вучыцца моладзі трэба ісці не ў ВНУ, а ў ПТВ. А то толькі за апошні год колькасць жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю павялічылася на 10 тысяч і зараз у нас 430 тысяч студэнтаў. Але пра гэта чыноўнік Мінадукацыю чамусьці нічога не сказаў.
З тым, што праблем у вышэйшай адукацыі няма, не пагадзіўся дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Андрэй Кіштымаў. І галоўная, кажа, праблема ў тым, што ў нас так і не вырашылі, ці хочуць гэтую адукацыю рэфармаваць, а калі хочуць — то як?
Андрэй Кіштымаў: “Я заблытаўся лічыць,колькі рэформ сістэмы адукацыі ў нас прайшло. Не кажучы ўжо пра тое, колькі ў нас памянялася міністраў адукацыі. Гэтыя мятанні і рэформы —гэта паказчык таго, што мы самі не ўяўляем чаго хочам”.
А ў адказ на выказванне Эдуарда Шаўцова наконт таго, што мы ўжо даўно гатовыя далучыцца да Балонскай канвенцыі Кіштымаў пацікавіўся — чаму мы сталі апошняй краінай, якая падала заяўку на далучэнне да яе? І ўзгадаў выказванне міністра адукацыі Радзькава пра тое, што рашылася Беларусь на гэты крок толькі пасля таго, як зразумела, што гэта далучэнне не пагражае “структуры, зместу і ідэалогіі нашай адукацыі”.
Андрэй Кіштымаў: “Таму Еўропе зараз трэба вызначыцца: як супрацоўнічаць з Беларуссю, каб не закрануць ні структуру, ні змест, ні, тым больш, ідэалогію адукацыі. Бо ідэалогія ў нас ўвогуле свяшчэнная карова!”
Менавіта гэта “ідэалогія адукацыі”, па словах дацэнта, замінае супрацоўнічаць з замежнымі ВНУ. З тым жа ЕГУ. А словы чыноўніка пра клопат аб выкладчыцкіх кадрах пракаментаваў назіраннем з жыцця.
Андрэй Кіштымаў: “Ведаю прыклады ў Беларусі, калі дактары навук, гісторыкі працуюць дворнікамі сёння. А малады выкладчык, альбо той, хто збіраецца атрымаць адукацыю за мяжой, як ім быць?”
На думку ж дацэнта кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргея Вятохіна, крызісу ў нас нібыта няма, але ў той жа час ён ёсць.
Сяргей Вятохін: “Гэты крызіс да нас набліжаецца. Мы не клапаціліся, каб прафесура ўзнімаць па якасці, толькі казалі пра тое, што старэе склад выкладчыкаў. Другая частка крызісу ў тым, што мы сёння не рэфармуем прыярытэты: каго рыхтаваць, навошта рыхтаваць? Вывучэнне, ад прыкладу, рухавіка пачынаецца з Чарапанава. Пакуль яны дойдуць да сучасных рухавікоў — ужо і часу не застаецца”.
Што ж тычыцца Балонскай канвенцыі, то, кажа, ён не разумее, куды мы збіраемся ўступаць.
Сяргей Вятохін: “Куды мы зараз уступім, я не ведаю. Бо фармальна балонскі працэс завершаны і зараз ідзе наступная фаза еўрапейскай інтэграцыі. Яна значна больш складаная, чым першая. Гэта інтэграцыя і ў навуцы, і ў сацыяльнай сферы”.
І выказаў сумнеў, што наша краіна гатова хаця б размаўляць на тэму такой інтэграцыі, а не тое што ўжо заўтра далучацца да яе.
Фота: Змітра Лукашука