Янукевіч: На Еўранэсце размаўлялі аб магчымасці дыялогу паміж ЕС і Мінскам

28 траўня у Бруселі стартавала трэцяя пленарная сесія “Еўранэста” (Парламенцкая асамблея “Усходняга партнёрства”, якая пачала працу ў 2011 годзе. У сесіях Еўранэст удзельнічаюць дэпутаты Еўрапарламента і пяці краін-удзельніц “Усходняга партнёрства” — Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Паколькі ЕС не прызнае беларускі парламент, дэпутатаў ад нашай краіны на сесіі не запрашаюць).

У рамках сесіі прайшло пасяджэнне рабочай групы па справах Беларусі. У ёй у якасці назіральнікаў паўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі. А вось міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей не прыехаў.

“Мы заўсёды высылаем запрашэнні беларускаму міністру замежных спраў, на кожнае пасяджэнне Еўранэста, але мы яшчэ не атрымалі ніводнага адказу ад Уладзіміра Макея, — тлумачыць Еўрарадыё супрацоўнік сакратарыята “Еўранэста” Міхал Чапліцкі. — Афіцыйная пазіцыя беларускіх уладаў такая, што пакуль Еўранэст не запрашае беларускіх парламентарыяў, міністр замежных спраў не будзе ўдзельнічаць у гэтых пасяджэннях. Таму гэта фактычна толькі фармальнае запрашэнне. Пісьмова ён дакладна не адказаў на яго. Але магчыма, інфармацыя пра тое, што ён адмовіўся, магла неафіцыйна патрапіць праз беларускую амбасаду ў Бруселі”.

Замест афіцыйных асобаў з Беларусі прыехалі апазіцыянеры — прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, БХД, “Гавары праўду”, “Руху “За Свабоду” і партыі “Справядлівы свет”. Іх прысутнасць носіць назіральны і кансультатыўны характар.

“Гутарка вялася і пра цяперашнюю сітуацыю ў краіне, і пра нашу ацэнку магчымага дыялогу паміж еўрапейскімі структурамі і ўладамі, еўрапейскімі структурамі і грамадзянскай супольнасцю. Таксама гаварылася пра шляхі падтрымкі беларускіх СМІ, перспектывы мясцовых выбараў”, — расказвае лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Беларускія апазіцыянеры на “Еўранэсце” сустракаліся з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента Яцэкам Пратасевічам, кіраўніком групы Еўрапарламента па Беларусі Філіпам Качмарэкам і былым старшынёй Еўрапарламента Ежы Бузэкам. А таксама паўдзельнічалі ў агульных пасяджэннях.

Пра вынікі гаварыць пакуль рана. Першы з іх можам пабачыць ужо ў чэрвені. Філіп Качмарэк расказаў аб планах дэлегацыі Еўрапарламента наведаць Беларусь. Запыт аб гэтым ужо накіраваны ў Мінск. Чакаецца, што ў дэлегацыю ўвойдуць шэсць еўрадэпутатаў. Качмарэк адзначыў, што калі паездка адбудзецца, то прадстаўнікі Еўрапарламента не будуць сустракацца з беларускімі калегамі. Для іх важна сустрэча з палітвязнямі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі