Чыноўнікі адмовіліся пераглядаць план будаўніцтва бізнес-цэнтра ля Курапатаў
У адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска фактычна зацвердзілі будаўніцтва бізнес-цэнтра ў Курапатах. Адбылося гэта падчас пасяджэння адмысловай камісіі, якая мусіла падвесці вынікі грамадскіх слуханняў на тэму будаўніцтва новых аб’ектаў на тэрыторыі раёна.
“Камісія, не зважаючы на прысутнасць каля 50 жыхароў гэтага мікрараёна ды прадстаўнікоў грамадскасці, зрабіла выгляд, што праблемы будаўніцтва гэтага бізнес-цэнтра папросту не існуе. Яны нават не разглядалі канкрэтна гэты кавалак. Яны абмяркоўвалі нейкія паліклінікі, паркоўкі і гэтак далей. А ў гэты час наўпрост перад імі стаялі людзі, якія ў руках трымалі тэчку з больш чым тысячай подпісаў жыхароў мікрараёна супраць будаўніцтва”, — распавядае старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які таксама прысутнічаў на пасяджэнні.
Цікава, што яшчэ падчас грамадскіх слуханняў, жыхары раёна вялі актыўную перапіску з чыноўнікамі, але на самі слуханні патрапіць не маглі. Справа ў тым, што пляцоўка пад будоўлю бізнес-цэнтра знаходзіцца ў Першамайскім раёне, а суседнія дамы — ужо ў Савецкім.
“Чыноўнікі зладзілі такі “класічны футбол”, — працягвае Янукевіч. — Калі людзі прыходзілі на слуханні ў Першамайскі раён, ім казалі, што гэта пытанне тычыцца Савецкага раёна і наадварот. У выніку слуханні нібы адбыліся і на іх нібы не было пратэстаў з боку жыхароў. Аднак былі людзі, якія ўсё ж хадзілі на гэтыя слуханні, і ім па просту не давалі сказаць слова. Ні там, ні там”.
Па словах палітыка, камісія прыняла план забудовы амаль адзінагалосна. Такое рашэнне фактычна ўзаконіла будаўніцтва бізнес-цэнтра побач з Курапатамі. Тым больш, што нават да самога галасавання даверу ў прысутных няма.
“Спачатку не супадала колькасць галасоў з колькасцю прысутных, — гаворыць Аляксей Янукевіч. — Потым старшыня камісіі паведаміў, што ўсё супадае, але да канца засталося незразумелым ні хто там быў, ні хто як галасаваў… Натуральна, што мы не маглі ў іх спраўджваць пашпарты. Але мы абавязкова будзем патрабаваць, каб адпаведныя дзяржаўныя органы, у тым ліку і пракуратура, правялі праверку гэтай справы і ў тым ліку пасяджэння сённяшняй камісіі”.
Нягледзячы на тое, што раніцай 27 лютага з будаўнічай пляцоўкі ў Курапатах вывезлі ўсю будаўнічую тэхніку, лагер пратэстоўцаў працягвае там стаяць. Актывісты гавораць, што не пакінуць тэрыторыі мемарыяла, пакуль будаўніцтва не будзе спынена дакументальна.