“Яны адкажуць праз суд”: Марзалюк рыхтуе пазовы да сваіх крыўдзіцеляў сярод СМІ
Дэпутат палаты прадстаўнікоў шостага і сёмага склікання Ігар Марзалюк рыхтуе пазовы ў суд на СМІ і каментатараў у інтэрнэце. Ён збіраецца прызваць да адказнасці тыя выданні і людзей, што дапускалі падчас выбараў абразы ў адрас дэпутата і яго давераных асоб:
“За кожную абразу, за кожную фальсіфікацыю і скажэнне зместу тэкстаў. Абразы людзей: маіх давераных асоб, мяне асабіста. Яны ўсе адкажуць, адкажуць праз суд. Яны ж лічаць, што інтэрнэт — гэта сцяна, на якой яны могуць пісаць. Я і тут планую быць першапраходцам. Калі ідзе абраза людзей, выкарыстанне блатной фені, гебельскія методыкі расчалавечвання. Хай яны расчалавечваюць сябе і на сваіх пляцоўках. — абураецца дэпутат. — І яны называюць сябе носьбітамі еўрапейскіх каштоўнасцяў? Талеранцыя — гэта калі табе могуць не падабацца погляды іншага чалавека, ты можаш з ім не пагаджацца, але не пераходзіш на асобы. Ты не здзекуешся з прозвішча. Не пішаш подласці пра сям’ю. Не плюеш у чалавека. І не ўжываеш блатны жаргон”.
Адназначна сярод СМІ, на якіх Ігар Марзалюк пакрыўдзіўся, — гэта тэлеканал “Белсат”, які вельмі шчыльна сачыў за перадвыбарчай кампаніяй дэпутата: “Калі маіх давераных асоб называлі лысымі мужыкамі. Калі ў вусны дырэктара школы ўкладалі словы, што ”на маім участку пераможа Марзалюк”, а яна гэтага не казала. Калі маё прозвішча каверкалі. Наконт таго, хто каго любіць ці ненавідзіць, будзем разбірацца ў судах”, — заявіў дэпутат.
На пытанні аб тым, якім СМІ рыхтавацца да суда, Ігар Марзалюк, ужо сыходзячы ў залу пасяджэнняў, запэўніў, што ён потым усе пераліча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.