Ярмошына — пра прэзідэнцкія выбары ў два туры: “Барані божа”

Ярмошына — пра прэзідэнцкія выбары ў два туры: “Барані божа”

Кіраўнік беларускай ЦВК Лідзія Ярмошына вярнулася з Украіны, дзе яна назірала за выбарамі прэзідэнта. Пасля першага тура, які прайшоў у мінулую нядзелю, барацьбу працягваюць Уладзімір Зяленскі і дзейсны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Еўрарадыё спытала ў Лідзіі Міхайлаўны, ці хацела б яна прэзідэнцкіх выбараў у два туры ў Беларусі.

"Барані божа — не. Вядома ж, не хачу, — кажа кіраўнік ЦВК. — Другі тур заўсёды непрадказальны. Другі тур абвастрае перадвыбарчую барацьбу і супярэчнасці ў грамадстве. Таму я супраць. Гэта ўвогуле напальвае палітычнае асяроддзе”.

Лідзія Ярмошына тлумачыць, што, на яе думку, другі тур ва Украіне праходзіць толькі таму, што велізарная колькасць кандыдатаў без намеру быць прэзідэнтам расцягнула галасы.

“Я сама чула развагі розных экспертаў па тэлебачанні. Тыя ці іншыя кіраўнікі штабаў папракалі кандыдатаў з падобнымі праграмамі за тое, што тыя сапсавалі ім выбарчую кампанію, таму што ў іх прыкладна адзін і той жа электарат. Пяць гадоў таму, наколькі я памятаю, другога тура не было. Парашэнка перамог у адзін тур. Там дзе ёсць моцны кандыдат у прэзідэнты і там дзе няма вельмі вялікай колькасці кандыдатаў — там, як правіла, другога тура няма", — кажа Лідзія Ярмошына.

У 2019-2020 гадах у Беларусі павінны прайсці двое выбараў запар: прэзідэнцкія выбары і парламенцкія. Іх даты правядзення да гэтага часу невядомыя. 22 лютага на відэабрыфінгу Лідзія Ярмошына выказала меркаванне, што падчас паслання парламенту і народу Аляксандр Лукашэнка назаве даты выбараў.

Адзіны і апошні раз у Беларусі прэзідэнцкія выбары ў два туры праходзілі ў 1994 годзе. Тады ў другі тур выйшлі Аляксандр Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч. Выбары скончыліся разгромнай і "элегантнай" перамогай Аляксандра Лукашэнкі, які атрымаў 80% галасоў. З таго часу ў Беларусі ўсё прэзідэнцкія выбары заканчваліся ў адзін тур з разгромным лікам для іншых кандыдатаў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі