Ярыла і капрамонт: іспанскі графіціст не змог размаляваць дом у Мінску

Ярыла і капрамонт: іспанскі графіціст не змог размаляваць дом у Мінску

З іспанскім вулічным мастаком Deih мы сустракаемся ў раёне Інстытута Культуры: недалёка ад “дзяўчыны ў вышыванцы”, на Рабковаўскай, 21 неўзабаве мусіць з’явіцца новы насценны жывапіс. Да белай сцяны нават падагнаны пад’ёмнік. Аднак Deih (сапраўднае імя Давід) і Алег (каардынатар Urban Myths ) заўважна заклапочаныя. Аказваецца, сцяну “зажалі”… чыгуначнікі, якім належыць дом. Цяпер там адбываецца капрамонт, пасля завяршэння якога аб’ект мусіць быць здадзены чыстым і белым. Пакуль мы размаўляем з Давідам, Алег разам з адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну шукае выйсце.

“Я — аптыміст, — бадзёра кажа Deih. — Хоць і здзіўлены, бо думаў, што прыеду і пачну працаваць, а апынулася інакш. Але ў Іспаніі ўсё значна прасцей, працаваць нашмат свабодней. Такіх праблемаў з узгадненнем і адмовамі я ніколі не меў. Мне кажуць, дзе, я прыходжу і малюю”.

Ярыла і капрамонт: іспанскі графіціст не змог размаляваць дом у Мінску

Тое-сёе ўяўленне пра нашу краіну Deih мае — гугліў. Цікавіць мастака міфалогія і паганства. Ён мяркуе, што яно дагэтуль уплывае на беларусаў. Таму прыкідвае, хто са старажытных багоў можа ўпрыгожыць мінскую сцяну. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Ярыла.

“Мне ні ў якім разе не хочацца крыўдзіць людзей. Два тыдні таму я быў у Марока. Мне сказалі, што можна маляваць што заўгодна, толькі не аголеных жанчын, хаця мая задума была блізкай да гэтага. І ў выніку я змяніў рашэнне, і ўсе засталіся шчаслівымі”.

Аднак падкрэслівае, што калі б яго папрасілі нешта перарабіць у сваім графіці, то не пагадзіўся б:

“Калі маё графіці не спадабаецца, хай самі і замалёўваюць. Усе працы, якія я ствараў, людзі навокал вельмі любілі. Але ўсё бывае ўпершыню. Я рэдка прыслухоўваюся да нечых парадаў, хіба што ідэя будзе добрая. А так апранаю навушнікі і злятаю. Калі малюю слухаю хіп-хоп 90-х, электроніку 80-х, пост-панк, хэві-метал у тым ліку і іспанскі”.

Ярыла і капрамонт: іспанскі графіціст не змог размаляваць дом у Мінску

Deih ужо наведаў знакаміты мурал свайго калегі Ino на вуліцы Варанянскага і не разумее, чаму людзі ўбачылі ў ім “анёла смерці”.

“Ты мяркуеш, што мурал Ino агрэсіўны? Мне ён вельмі падабаецца. Я не лічу, што Іnо намаляваў анёла смерці. Не ўсе цёмныя рэчы — кепскія, яны проста не бачныя і невядомыя нам. Напрыклад, удзень у лесе ўсё падаецца нам яскравым і прыгожым, а ў начы шэрым і цьмянаым, але гэта не значыць што ноччу лес больш небяспечны для нас. Не ведаю, што ўкладаў Іnо ў сваю працу, аднак для мяне гэты маленькі агеньчык сімвалізуе спадзеў”.

Падыходзім да другога інтэрнату Універсітэта культуры, таго, што побач з “Дзяўчынай у вышыванцы”. Чыноўнікі прапаноўваюць размаляваць адну са сцен гэтага будынка, неўзабаве сюды перацягнуць пад’ёмнік. Аднак трэба хуценька намалявааць эскіз і аднесці яго рэктару ўніверсітэта на зацвярджэнне. Deih не супраць, але папярэджвае, што ў яго працах заўсёды шмат імправізацыі, таму эскіз можа адрознівацца ад таго, што народзіцца ў выніку. 

Ярыла і капрамонт: іспанскі графіціст не змог размаляваць дом у Мінску
Deih і Алег Ларычаў, каардынатар праекту Urban Myths

“Нягледзячы на гэтыя чаканні, беларусы вельмі адкрытыя, — распавядае Давід пра першыя ўражанні. — Мне некалькі складана, бо мала хто ведае англійскую і іспанскую, таму са многімі, с кім хацелася, я проста не пагаварыў. Але асноўная розніца паміж Беларуссю і Іспаніяй — у надворі і клімаце, адсюль і розніца паміж людзьмі. А Мінск для мяне занадта вялікі. У Валенсіі такія вялікія вуліцы і аўтастрады толькі па-за горадам. Галоўны праспект такі вялікі, што часам у мяне складаецца ўражанне, што я пешкі прыйшоў з аднаго горада ў іншы. Мяне моцна ўражвае такое змяшэнне архітэктурных стыляў, вялікія і брутальныя будынкі стаяць побач з маленькімі домікамі пазамінулага стагоддзя. Мне таксама падабаецца, што ў горадзе шмат дрэваў”.

Ярыла і капрамонт: іспанскі графіціст не змог размаляваць дом у Мінску
Магчыма, на гэтай сцяне Deih намалюе свой новы мурал

Мастак прабудзе ў Мінску да 23 траўня.

Ярыла і капрамонт: іспанскі графіціст не змог размаляваць дом у Мінску

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі