Яўген Бузоўскі сышоў з IQ48, каб заняцца інструментальнай музыкай

Яўген Бузоўскі сышоў з IQ48, каб заняцца інструментальнай музыкай

Адзін з заснавальнікаў і аўтараў гурта IQ48 Яўген Бузоўскі абвясціў пра свой сыход з каманды. Адбылося гэта на наступны дзень пасля канцэртнай прэзентацыі новага альбома “Трымай свой час”.

“Мне падалося, што ў гурце знікла цікавасць да рухаў, да дзеянняў, — тлумачыць рашэнне гітарыст. — На мой погляд, гурт IQ48 мусіць неяк здзіўляць, павінна быць пэўная лёгкасць у рухах, а я гэтага вельмі доўга не бачыў. Зноў жа, я кажу пра сябе, бо рашэнне прымаў я сам. Нейкі момант стагнацыі і адчужанасці. Натуральна, што мне сумна сыходзіць. Вялікая частка жыцця звязаная з гэтым гуртом, і песні гэтыя для мяне такія вельмі блізкія, але тым не менш, песні нікуды не падзенуцца, а рухацца трэба”.

Цяпер Яўген рэпетуе з нейкім інструментальным калектывам, які называць пакуль не жадае. Але музыка адзначае, што рашэнне сысці з IQ48 было яшчэ да прапановы пайграць у іншым гурце. Пры гэтым з былымі паплечнікамі Бузоўскі развітаўся па-сяброўску. Але пытанне далейшага існавання “здаровых лосяў” пакуль завісла ў паветры.

“Я не люблю секчы з пляча і казаць што ўсё скончана, распускаем калектыў і разыходзімся, — каментуе вакаліст гурта Саша Ракавец. — На сёння яно вось так атрымалася. Як будзе далей? Думаю, час расставіць усё па сваіх месцах. Але пра новы матэрыял размовы цяпер не вядзецца. Ды і як пра гэта казаць!? Мы ж толькі выдалі новы альбом, толькі Яўген сышоў… Казаць пра новы матэрыял проста заўчасна. Таму не хочацца гарачых заяваў і смелых эратычных фантазій”.

Пры гэтым Саша не выключае, што ў гурце з’явіцца новы гітарыст, але, хутчэй за ўсё, пакуль гэта будзе сейсіёншчык, з якім будзе разбірацца праграма пад канцэрт. У той жа час Яўген пакуль не можа назваць даты, калі агучыць назву свайго новага гурта. Але абяцае, што ў хуткім часе ён ужо будзе выступаць з новым калектывам.

“Гэта інструментальная музыка, — прыадкрывае таямніцу Бузоўскі. — На сёння яна абсалютна, мне падаецца, непапулярная. Але гэтая музыка мне даўно цікавая. Гэта, так бы мовіць, вінтажная музыка. Ну, і калектыў цёплы, што немалаважна”.

 

Нагадаем, Яўген Бузоўскі разам з Паўлам Зыгмантовічам стварыў каманду IQ48 у 2000 годзе. За 16 гадоў існавання выдаў 5 паўнавартасных альбомаў, некалькі сінглаў, паўдзельнічаў у безлічы музычных фестываляў і заняў сваё дакладнае месца сярод беларускіх рок-гуртоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі