Як яно, быць жонкай рок-музыканта?

“У меня нет жены, это место вакантно. Знаю я, нелегко быть женой музыканта”, спяваў Вадзім Байкоў гадоў 20 таму. Мы вырашылі праверыць на праўдзівасць гэтае выказванне, а заадно высветліць, ці проста быць жонкай рок-музыканта сёння, і як выглядаюць будні музычнай сям’і.

“Язычнікі мы”

“У мяне вельмі добры муж! З ім вельмі весела — з музыкантам ніколі не засумуеш, асабліва з такой творчай асобай, як Алесь Таболіч”, — смяецца жонка лідара гурта Znich Алеся.

Творчыя людзі не вельмі прыстасаваныя да бытавога жыцця, распавядае Алеся. Таму яна, да прыкладу, ніколі не падпускае свайго мужа да пліты. Але аднойчы Алеся захварэла, таму давялося папрасіць мужа прыгатаваць ёй ежу.

“Праз пэўны час я пачула, як нешта зашкварчэла на пліце і з’явіўся пах гару. Я выскачыла на кухню і ўбачыла, што на патэльні мяса натуральна ў агні. Пры гэтым мой муж стаіць у метры ад пліты і крычыць мне: “Бяжы!” і кідае яшчэ адзін кусок мяса на патэльню. У выніку мяне абліла тлучшам, і я атрымала апёкі, не памятаю, якой ступені. Прыкладна паўгода не магла хадзіць у басейн”.

“На полі, на полі стаялі таполі”

Гітарысту IQ-48 Яўгену Бузоўскаму дасталася незвычайная жонка:

“З досведам!" — тлумачыць Кацярына і дадае, што з 18-гадоў сябравала з музыкантамі. Таму яшчэ да знаёмства з мужам яна ўжо ведала, што такое “рэпа” і што ў бас-гітары 4 струны. Каця перакананая, што ў кожнага мужчыны ёсць неякая “цацка”. У кагосьці гараж ці рыбалка, а жонка музыканта мусіць змірыцца з простай рэчаіснасцю — па выходных муж будзе прападаць на рэпетыцыях.

“Таму, калі мы пазнаёміліся з Жэням, я толькі парадавалася, што ён таксама ў тэме! Прычын не выходзіць замуж за музыканта ў мяне ніводнай няма — я ад усяго гэтага вішчу! Так што, я — не звычайная жонка музыканта, ад мяне толькі плюсы, плюсы, плюсы”.

У якасці пацверджання сваіх словаў Кацярына прыгадвае фестываль “Басовішча” і як давялося стаць грудзьмі за мужа.

“Усе, хто ездзіў на “Басовішча”, добра ведаюць, што значыць, ісці пешшу ад сцэны да намётавага мястэчка. І вось, калі мы вярталіся, нейкі нецвярозы паляк кінуўся на Жэню з кулакамі. Першым маім парывам было тое, што я і зрабіла: выскачыла наперад, расставіла рукі і закрыла Жэню сабой. Жэня быў вельмі ўражаны маёй рэакцыяй — у цёмным польскім лесе жонка кінулася абараняць яго!”

“Ну, а мне тая, што мяне кахае, кажа ты — залаты!”

“Вочы бачылі, што бралі”, — смяецца жонка Змітра Вайцюшкевіча Галіна, ды прыгадвае, што на пачатку знаёмства колькасць сяброў і прыхільніц будучага мужа для яе была шокам. Да таго, што шматлікія фанаткі сімпатызуюць сцэнічнаму вобразу Змітра, Галіна ставіцца з разуменнем і лёгкай іроніяй.

“Але жыццё ён мне крыху змяніў! Я ўвогуле не разумею, як можна мець столькі знаёмых! Яго тэлефон практычна не змаўкаў, нон-стоп! То бок, колькасць людзей, якіх я атрымала разам са знаёмствам са Змітром, была проста неверагоднай, ад гэтага зносіла дах. Было цяжка прывыкнуць да графіка “Зараз мы ідзем у амбасаду, заўтра ў мяне канцэрт, пасля банкет і яшчэ рэпетыцыя”. Але, натуральна, з нараджэннем дзяцей гэтай тусоўкі ў нашым жыцці стала значна менш”.

“Атрымаў “ляшча” карасём”

“Дзе б мы не з’яіліся, асабліва на любых святочных мерапрыемствах, усе адразу думаюць, што вось зараз Віталік ліха схопіць баян і што-небдзь збацае, — распавядае жонка Віталіка Артыста, спявачка Таня Кушнер. — Ці вось, напрыклад, у бабулі юбілей. “А, Віталік жа можа што-небудзь нам праспяваць, давайце яго папросім!” Гэта як, напрыклад, будаўнік прыйдзе на вяселле, а яму тут жа ў лоб кажуць: “О, ты будаўнік? А давай распавядзі нам, як тут перарабіць сцены і столь? А лепш — зрабі гэта прама цяпер!” То бок, чалавеку прапануюць папрацаваць там, куды ён прыйшоў адпачыць!”

Таня прызнаецца, што на прапановы не па ўласным жаданні “заспяваць-зайграць-станчыць” Віталік Артыст рэагуе даволі рэзка — можа нават сысці з мерапрыемства. І хоць сваякі Артыстаў папярэджаныя пра гэта, аднойчы непаразуменне ўсё ж здарылася.

“У нейкі момант, калі трэба было ў чарговым конкурсе станчыць “цыганачку”, нехта з гасцей пачаў крычаць: “Вось, вось, хто будзе танцаваць “цыганачку”!” Віталік на яго спачатку “шыкаў”, пасля ветліва прасіў не чапаць. Але чалавек працягваў крычаць, каб Артыст “не ламаўся”. Тады Віталік падняўся, узяў са стала фаршыраваную рыбу, прыцэліўся і запульнуў у той канец стала, дзе сядзеў гэты хлопец. Рыбіна прыляпілася роўна хлопцу на гальштук. Настала агульная цішыня і ніхто не ведаў, чым усё скончыцца. І, нягледзячы на тое, што Віталік пасля пайшоў да гэтага хлопца мірыцца, той усё роўна застаўся вельмі пакрыўджаным. Цяпер усе нашы сваякі распавядаюць гэтую “гісторыю з рыбай”, як пераканаўчы аргумент, чаму Віталіка лепш не чапаць”.

“Baila Morena”

Насамрэч, гэты матэрыял пачаўся з гісторыі лідара гурта No Comment band Алега Лімона і яго жонкі Таццяны. Іх вельмі часта можна сустрэць на шматлікіх сталічных тусоўках ды вечарынках. Але дзеці ды розныя бытавыя справы часам становяцца прычынай і “сольных” выхадаў у свет.

Так, аднойчы Таня адправілася з сяброўкай на канцэрт, а муж тым часам мусіў забраць з дзіцячага садка іх пяцігадовага сына. Таня нават прапанавала запрасіць сяброў, каб яму не было так сумна. Але Алег адмовіўся, маўляў, хачу правесці вечар з сынам!

“На канцэрце у мяне пачаў званіць тэлефон. Нумар быў незнаёмым, таму я проста “скідвала” званкі. Праз яшчэ нейкі час атрымала смс ад мамы: “Хто забірае дзіця з сада?” Як высветлілася, Лімон заснуў, а дзіця засталося ў садку да 9 гадзін вечера. Вядома, я вельмі раззлавалася і нават, пагарачыўшыся, сказала сваёй сяброўцы: “Ні за што не выходзь замуж за музыканта!” Але ўжо праз 5 хвілін прыехала дадому, паглядзела ў яго вінаватыя вочы і даравала ўсё! Таму, дзевачкі, усё ж гэта шчасце, быць жонкай музыканта! Нягледзячы на ўсе “прычуды” творчых людзей, жыццё побач з імі заўжды будзе святам.”

Фота: www.runyweb.com і з сацсетак музыкантаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі