Юлія Цімашэнка 15 верасня з'едзе ў Нямеччыну?
Ёй мусяць зрабіць аперацыю ў берлінскай клініцы Шарытэ.
Пра гэта паведамляе сайт podrobnosti.ua са спасылкай на польскія і нямецкія СМІ.
У самай вядомай украінскай палітзняволенай — праблемы з міжпазванковымі храсткамі. Летась да Цімашэнкі прылятала група лекараў з берлінскай клінікі. Сёлета 21 чэрвеня спецыялісты на чале з шэфам клінікі Шарытэ Карлам Максам Айнхойплем ізноў былі ў Харкаве, каб паназіраць за прагрэсам лячэння. Тады ж яны паведамілі шакуючую навіну: крытычны стан Цімашэнкі можа скончыцца інваліднасцю, калі яе тэрмінова не праапераваць.
Тое, што ўкраінскія ўлады могуць выпусціць Юлію Цімашэнку на лячэнне, пацвердзіў і экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі, эмісар па Украіне ад Еўрапарламента. У эфіры Polskiego Radio ён заявіў: "Ёсць шанец, што Цімашэнка зможа паехаць да канца верасня на лячэнне за мяжу".