Юрыст: Смяротная кара - імкненне ўсталяваць дамінаванне страху, а не закону

111201 Paganiajla_site.mp3

Еўрарадыё: Ці ў нашых суседзяў, з Еўропы і па СНД ёсць смяротнае пакаранне?

Паганяйла: Не. Ад гэтага віду пакарання даўно адмовіліся еўрапейскія краіны, якія ўваходзяць у Еўрасаюз і Раду Еўропы. На пост-савецкай прасторы нашыя суседзі таксама адмовіліся ад выконвання смяротнага пакарання, дзесьці ўводзячы мараторый, а дзесьці на заканадаўчым узроўні змяніўшы свае карныя кодэксы. Апошняя з краін СНД, якая прыняла такое рашэнне, – Узбекістан.

Еўрарадыё: Чаму ж тады для беларускіх уладаў смяротнае пакаранне – такое ключавое пытанне? Чаму дзеля яго мы гатовыя быць «чорнаю дзіркаю» на мапе Еўропы?

Паганяйла: Трэба, пэўна, узгадаць адно з першых публічных выказванняў Лукашэнкі. Ён, стаўшы прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, заявіў, што за цывілізаваным светам краіну не павядзе. З іншага боку, мне здаецца, што нежаданне выключыць магчымасць смяротнага пакарання з'яўляецца адной з адзнак дыктатуры, якая ёсць сёння ў Рэспубліцы Беларусь. Лукашэнка паказвае, што ён – адзіны пан і ён мае права вырашаць, каго караць, а над кім літавацца. Як да пакаранняў, у Лукашэнкі выходзіць добра, але, а як да літасці… Наколькі мы ведаем, толькі аднойчы за сямнаццаць год кіравання ён выкарыстаў права памілаваць асуджанага на смяротнае пакаранне.

Еўрарадыё: Наколькі цяпер верагодна, што будзе памілаваны хаця б нехта з абвінавачаных ў выбуху ў Мінскім метро?

Паганяйла: Я не думаю, што хтосьці з іх будзе памілаваны. Практыка апошніх год паказвае, што Лукашэнка ставіць для сябе задачу прымяняць найвышэйшую меру пакарання, ён стаіць на сваім слове. Таму я не маю веры на тое, што памілаванне магчымае.

Еўрарадыё: Выходзіць, што карысці, якія мае ўлада ад смяротнага пакарання – больш псіхалагічныя… Улада хоча падтрымаць імідж таго, што яна моцная і ўсё можа вырашыць адным рашэннем. Але чаму прынамсі родным не паведаміць пра нейкія падрабязнасці выканання прысуду? Чаму не паведаміць, дзе пахаванае цела?

Паганяйла: Гэта звычай яшчэ савецкіх часоў. Згодна з актуальным парадкам пра час выканання смяротнага пакарання асуджаным не паведамляюць, целы расстраляных, іх асабістыя рэчы не аддаюць сваякам. Міжнародным камітэтам па правах чалавека ААН сам гэты парадак пакарання прызнаны парушэннем сёмага артыкула міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гаворка ідзе пра катаванні і нялюдскія дзеянні, што прыніжаюць чалавечую годнасць.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што гэта проста па інэрцыі адбываецца з савецкіх часоў?

Паганяйла: Так. Гэта не толькі інэрцыя мыслення, інэрцыя заканадаўчая – гэта яшчэ і спосаб трымаць усіх у страху. Таму яны не паведамляюць асуджанаму час пакарання, таму не выдаюць цела, каб сваякі не маглі зрабіць усё згодна з даўнейшымі звычаямі: справіць хаўтуры, прыйсці на магілу… Каб гэтыя людзі, не вінаватыя па сутнасці, таксама цярпелі за тых, хто быў пакараны такім сур'ёзным чынам. Трымаць у страху – вось мэта ўлады, якая не хоча ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. На маю думку, гэтая палітыка запалохвання, імкненне ўсталяваць не дамінаванне закону, а дамінаванне страху і тлумачыць упартую адмову беларускіх уладаў выключыць смяротнае пакаранне з практыкі беларускіх судоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі