З 1 снежня беларусы змогуць праверыць, ці не трапілі яны ў базу дармаедаў
З 1 снежня беларусы змогуць праверыць, ці не трапілі яны ў базу дармаедаў (людзей, не занятых у эканоміцы). Яна размешчаная на Адзіным партале электронных паслуг.
Доступ можна атрымаць двума шляхамі. Першы — атрыманне ўнікальнага ідэнтыфікатара, для чаго трэба з пашпартам звярнуцца ў службу "адно акно". Фармуецца асабісты электронны кабінет заяўніка, ён бясплатна атрымлівае да яго лагін і пароль. Далей трэба зайсці ў асабісты кабінет на Адзіным партале электронных паслуг, аўтарызавацца там і выбраць паслугу 3.33.03 "Прадастаўленне звестак пра аднясенне грамадзяніна да не занятых у эканоміцы". Другі — трэба атрымаць ключ электроннага лічбавага подпісу, а гэта больш складана. А далей — усё тое самае.
БЕЛТА інфармуе, што існуюць і іншыя варыянты. Напрыклад, можна патэлефанаваць ці напісаць электронны ліст у камісію па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва па месцы рэгістрацыі. У грамадзяніна запытаюць яго ідэнтыфікацыйны нумар, а таксама іншую інфармацыю, якая ўтрымліваецца ў дакуменце, які сведчыць пра асобу.