З былых гаспадароў асіповіцкага завода праз суд спаганяюць 30 млн еўра
З былых гаспадароў і топ-менеджараў Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода праз суд спаганяюць 30 мільёнаў еўра. Іск у інтарэсах Беларускай чыгункі падаў намеснік генеральнага пракурора, паведамляе TUT.by са спасылкай на эканамічны суд Магілёўскай вобласці.
Прадпрыемства было пабудавана ў 2013 годзе. 26% акцый былі ў Беларускай чыгункі, 74% — у расійскай кампаніі "Гранд Экспрэс". Праз некалькі гадоў завод практычна спыніў працу, у расійскіх інвестараў пачаліся спрэчкі з беларускім бокам наконт таго, хто ў гэтым вінаваты і хто ўклаў у праект больш. У выніку Мінфін Беларусі быў вымушаны плаціць па крэдыце Еўразійскага банка развіцця, які быў прыцягнуты для асіповіцкага прадпрыемства пад яго гарантыі. У далейшым урад выставіў прэтэнзіі прадпрыемству. Праз таргі яго маёмасць набыло Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі. Расійская кампанія так і не змагла вярнуць сабе частку актываў. Абодва бакі падалі шматлікія іскі ў суды.
Як стала вядома, намеснік генпракурора падаў іск да пяці фізічных асобаў, якія ўдзельнічалі ў кіраўніцтве Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода. Гэта — Міхаіл Рабіновіч, адзін з сузаснавальнікаў "Гранд Экспрэса", Андрэй Кашнароў, які быў кіраўніком прадстаўніцтва гэтай кампаніі ў Беларусі, былыя дырэктары завода Вадзім Васілевіч і Уладзімір Няхай, а таксама Яўген Арцюшэнка, які цяпер з'яўляецца прарэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. З іх збіраюцца спагнаць 23 млн еўра і 16,2 млн беларускіх рублёў страт.
На архіўным відэа — аптымістычны рэпартаж з прадпрыемства пра тое, "як усё пачыналася".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.