З Мінска могуць перасяліць больш за 100 тысяч чалавек
У гарады-спадарожнікі, да 2030 года. Мяркуецца, што насельніцтва Рудзенска павялічыцца ў сем разоў.
Да 2030 года ў гарады-спадарожнікі Мінска могуць перасяліцца 104 500 жыхароў сталіцы. Пра гэта было паведамлена сёння на паседжанні архітэктурна-горадабудаўнічага Савета пры галоўным архітэктары.
Як інфармуе БЕЛТА, самае значнае павелічэнне колькасці насельніцтва за кошт жыхароў сталіцы магчымае ў Рудзенску. Да 2030 года яно можа павялічыцца ў сем разоў — з 11 500 да 81 тысячы чалавек. Толькі мінчукоў могуць перасяліць 67 тысяч.
У Дзяржынску сёння жыве 26 300 чалавек, а праз 15 гадоў можа стаць 41 тысяча. Толькі мінчукоў туды плануюць перасяліць 12 тысяч. У Смалявічах да 2030 года будуць жыць 30 тысяч чалавек (на сённяшні дзень — 15 600). У Фаніпаль плануецца перасяліць са сталіцы 6 тысяч чалавек, у Заслаўе — 6 500. У кожным з іх праз 15 гадоў можа жыць ужо па 23 тысячы чалавек.
У Лагойск могуць адправіць 3 тысячы мінчукоў, насельніцтва горада павялічыцца з 12 да 16 тысяч.
Адзначаецца, што ў кожным з генпланаў вызначаныя перспектыўныя тэрыторыі з добрай інфраструктурай для будаўніцтва жылля для мінчукоў.
Фота: bymedia.net, БЕЛТА