З пасёлка побач з ваенным аэрадром у расійскай Адыгеі эвакуявалі жыхароў
На аэрадроме "Ханская" дыслакуецца навучальная база Краснадарскага авіяцыйнага вучылішча
Улады Адыгеі паведамляюць, што прыгарад Майкопа ноччу "падвергся нападу варожых беспілотнікаў". Ратавальнікі тушаць пажар. Што гарыць, улады не ўдакладняюць, паведамляюць толькі, што пацярпелых няма, а з пасёлка Радніковага эвакуююць жыхароў.
Рэсурс ASTRA са спасылкай на мясцовых жыхароў піша, што беспілотнікі атакавалі ваенны аэрадром, які размешчаны побач з Радніковым. "Атакавалі ваенны аэрадром дроны, там ідзе вайна сапраўдная", — прыводзіць рэсурс адно са сведчанняў. Ён таксама публікуе спадарожнікавыя здымкі, на якіх бачна, што пажар узнік побач з аэрадромам.
Аэрадром "Ханская" размешчаны ў 6 км на паўночны захад ад горада Майкопа. Там дыслакуецца 272-я навучальная авіяцыйная Полацкая ордэнаў Суворава і Кутузава база Краснадарскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага вучылішча.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.