З песні словы выкінеш: як прайшоў адбор на “Еўрабачанне-2020”
VAL, AURA, NAPOLI, CHAKRAS, Саша Захарык, Ян Яраш, КейСИ, Анжаліка Пушнова, Анастасія Малашкевіч, Анастасія Гламозда, Дар'я Хмяльніцкая і Анастасія Развадоўская — 12 фіналістаў нацыянальнага адбору, якія пазмагаюцца за паездку на “Еўрабачанне-2020” ад Беларусі. Распавядаем, як іх выбіралі.
Наша ацэнка будзе вельмі шчырая
Чарга за нумарком, прыгожыя сукенкі са стразамі і знаёмыя твары. Традыцыйна нацыянальны адбор на “Еўрабачанне” прайшоў у студыі “600” Белтэлерадыёкампаніі. Удзельнікаў усяго 49 — іх заяўкі найбольш адпавядалі фармату конкурсу. Хаця ахвотных было 95: арганізатары вырашылі сёлета адмовіцца ад замежных удзельнікаў, фрыкаў і шчыра стромных песень, якія дадавалі ў шоу іскрынку трэшу. Праўда, ён усё адно прасачыўся. Чаго каштаваў толькі плач Pavloni ці надрыўны пошук нотаў Сяргея Бяркова!
Песні, якія мы сення пачулі, можна раздзяліць на дзве катэгорыі: прамы біт і сум, ад якога хацелася ў лепшым выпадку спаць (іх было 80%), і трэкі з разыначкай. Кампазіцыі ацэньвала фокус група. Яе гэтым разам сярод іншых прадстаўлялі свежыя твары Naviband, Георгія Калдуна, Зены, Юрыя Селязнёва. Часам яны актыўна прытанцоўвалі на месцы, здымалі на айфоны нумары і ставілі плюсікі.
“Мне падабаецца сённяшяе журы, таму што ў ім ёсць шмат людзей, якія разумеюць, што зараз у трэндзе. І мне падаецца, што мы зможам абраць правільнага кандыдата. Наш голас будзе вельмі моцны. Бо мы хочам, каб усё атрымалася ў гэтым годзе, каб класны артыст паехаў, і наша ацэнка будзе вельмі шчырая”, — кажуць Ксюша і Арцём з Naviband.
Пакуль артысты распяваліся, выходзілі на сцэну, раздавалі інтэрв’ю, мы з лёгкім сумам назіралі за старажыламі адбору: напрыклад, спявачка Жанет прыйшла сёння “пацвердзіць свой прафесіяналізм” нуднай песняй ад шведскіх (даўно не было і вось зноў) аўтараў. Alen Hit чацвёрты год запар не выходзіў з зоны камфорту, паказваючы звычайны для сябе танцавальны нумар. А песні Анастасіі Малашкевіч і Napoli, падавалася, мы недзе ўжо чулі.
Палітычны конкурс
Аднак некаторыя ветэраны “Еўрабачання” не змаглі не пакінуць след у душах прысутных. Напрыклад, гурт Aura на чале з Юліяй Быкавай 12-ты раз выступіў на нацыянальным адборы! Гэтым разам засёды лірычная Юлія паўстала ў выглядзе рок-вумэн з дудой і песняй “Барані сваё”. Трэк на злобу дня (“крыху ёсць такое”, прызналася спявачка) прама нагадаў нам пра палітычную лінію краіны.
Дарэчы, песень па-беларуску сёння прагучала ўсяго чатыры. Адна з іх — “Да відна” праекта VAL, створаная адмыслова для “Еўрабачання”:
“Гэта палітычны конкурс, і трэба несці сваю культуру. Таму ў нас была прынцыповая пазіцыя менавіта на беларускай мове гэта зрабіць. Усе спяваюць па-англійску. Ну, гэта ўжо нудна”, — перакананая вакалістка праекта Валерыя Грыбусава, у мінулым пераможца “Славянскага базару” і удзельніца ўкраінскага “Голасу”.
Але з Валерыяй не згодны яшчэ адзін ўдзельнік украінскага “Голасу” Ян Яраш, які выканаў кранальны і эмацыйны англамоўны трэк “Fire” пад фартэпіяна:
“Я хачу, каб беларусаў успрымалі ў свеце як спеўную нацыю. Але не мусіць быць шмат фальклора ў музыцы, якая будзе прадстаўлена, павінна ўсё быць якасна, прафесійна і добра”.
На зло хейтэрам
Салістка джазавага гурта Apple Tea Саша Захарык напярэдадні выступу прызналася, што хвалюецца: маўляў, новая песня яшчэ не абкатаная. Яна, дарэчы, напісаная ўсяго за сем хвілін.
“Калі б я не планавала патрапіць у фінал, я б не прыйшла сюды”, — кажа Саша і прызнаецца, што адна з задачаў удзелу ў адбору — выхаваць у сабе спакойнае стаўленне да хейтэраў, якія напішуць шмат злых каментароў пад яе выступам.
“У нас няма іншых пляцовак нагадаць пра сябе”, — шчыра адказвае Аляксей Грос на пытанне што яго прывяло ў чарговы раз на нацыянальны адбор. Менавіта так думаюць многія музыкі, з якімі мы пагутарылі.
Песня без слоў. Такога яшчэ не было
А вось прадзюсар Макс Алейнікаў адразу кажа, што беларусы не перамагалі на “Еўрабачанні” ніколі, бо не ставілі перад сабой такой мэты. А ён ставіць. І рве шаблоны адбору. У кампазіцыі “Ла-лэй-ла”, якую спявае яго новы праект Chakras (наўзваны ў тым ліку ў гонар памерлай любімай коткі), ёсць оперны вакал, фальклорныя напевы і жарсць. Але няма тэксту:
“Цяпер так шмат інфармацыйнага шуму, усе пра нешта гавораць, а пра што гавораць — незразумела, абы гаварыць. Але музыка гэта заўсёды такая мова, якая зразумелая ўсім, гэта язык пачуццяў. І гэта спроба менавіта данесці сваю гісторыю, свой Сусвет праз музыку. Гэта тое, што я перажываў, тое, што да мяне некалі прыйшло. І гэта выражана ў такім варыянце”.
Фінал адбору на “Еўрабачанне-2020” пройдзе не пазней 6 траўня. Нам крыху шкада, што ў яго не ўвайшлі гурты 2Morrow2Late i “Незабудка”. З імі было б весялей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.