З тэатра звольнілі рэжысёра, які ставіў "Чарнобыльскую малітву" Алексіевіч

Валерый Анісенка

Валерый Анісенка / sb.by

Мінскі абласны драматычны тэатр не працягнуў кантракт з мастацкім кіраўніком рэжысёрам Валерыем Анісенкам. Як піша "Зеркало", 26 снежня ў яго апошні працоўны дзень.

Валерый Анісенка нарадзіўся ў 1944 годзе ў Талачыне Віцебскай вобласці. Ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акцёрам у Віцебску ў Коласаўскім тэатры (1965-1967) і ў сталічным Купалаўскім (1969-1977).

Атрымаўшы рэжысёрскую адукацыю, працаваў галоўным рэжысёрам Тэатра юнага гледача (1979-1980), Тэатра-студыі кінаакцёра (1980-1982), Беларускага радыё (1982-2000). Ужо ў новым стагоддзі Анісенка быў дырэктарам — мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (2000-2012), дырэктарам — мастацкім кіраўніком (2012-2014), а потым проста мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра (2014-2017). Ад 2017-га года ён працаваў у Маладзечне, у абласным драмтэатры.

Як рэжысёр Анісенка паставіў дзясяткі спектакляў у тэатрах, а таксама больш за сотню радыёспектакляў. Напрыклад, у РТБД ён паставіў "Чарнобыльскую малітву" паводле аднайменнай кнігі Святланы Алексіевіч. Гэты спектакль знялі з рэпертуару ў 2021 годзе.

Валерый Анісенка — лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі і прэміі "За духоўнае адраджэнне", заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі