З-за чаго “спакойны мінчук” застрэліў міліцыянера? ВЕРСІЯ СЛЕДСТВА
Еўрарадыё даведвалася ў праваахоўных органах, як разгортвалася трагедыя на сталічнай вуліцы Машыністаў. І ці змянілася міліцыя пасля таго выпадку.
Нечуваная для Мінска перастрэлка здарылася на вуліцы Машыністаў 8 студзеня 2013 года. Паводле афіцыйнай версіі, пачалося з таго, што 59-гадовы Мікалай П. страляў па суседскім сабаку. Калі прыехаў патруль з праваахоўнікамі, ён застрэліў аднаго міліцыянера, параніў другога, а сам здзейсніў суіцыд ва ўласным гаражы.
Першая рэакцыя суседзяў пасля трагедыі на Машыністаў
Гэты выпадак скалынуў грамадства, і нават прэзідэнт публічна выказваўся на гэты конт некалькі разоў. Што праўда, у гэту версію верыў не кожны.
“Стралком” аказаўся раней не судзімы мінчук Мікалай П. ― бацька топавага беларускага драматурга, добра вядомага за мяжой. Суседзі ўсе выказваліся пра забойцу станоўча, называючы таго “рукастым мужыком” і “спакойным чалавекам”. Крэміравалі Мікалая П. за пару дзён, хоць звычайна працэс разгортваецца больш як на тыдзень.
Рэзананснай крымінальнай справай займаліся ў Галоўным следчым упраўленні СК. І хоць ад трагедыі мінула ўжо каля года і двух месяцаў, звяртаемся ў праваахоўныя органы, каб даведацца пра вынікі расследавання.
Следчы камітэт: “У ветлівай форме, карэктна яго папрасілі праехаць у аддзел. Ён выхапіў рэвальвер”
“Ад суседзяў паступіла паведамленне, што мужчына страляе па сабаку. Туды выбыў дзяжурны нарад”, ― расказвае афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова пра іскру, з якой на вуліцы Машыністаў успыхнула вогнішча. Папярэдняе следства па дадзенай крымінальнай справе, дарэчы, завершана. І, як запэўніваюць у СК, усе абставіны вывучаны.
“Калі нарад прыбыў на месца, мужчына знаходзіўся на дварэ. У ветлівай форме, карэктна, не здзяйсняючы супрацьпраўных дзеянняў, яго папрасілі праехаць у аддзел унутраных спраў, ― працягвае Юлія Ганчарова. ― Ён выхапіў рэвальвер, перавёў у баявое становішча і пачаў страляць па супрацоўніках МУС. Следчыя высвятлялі, ці не было ў дзеяннях міліцыянераў нейкай прычыны, якая б магла справакаваць агрэсію. Было ўстаноўлена, што ўвесь нарад дзейнічаў карэктна і такіх прычын не было. Пасля страляніны па міліцыянерах асоба закрылася ў гаражы і здзейсніла суіцыд, звязаны з агнястрэльным раненнем”.
Еўрарадыё: Некаторыя суседзі “Стралка” выказваліся, што міліцыянеры і гаспадары злашчаснага сабакі, былі знаёмыя паміж сабой. Ці праўда гэта?
Юлія Ганчарова: “Няпраўда. І сабака сапраўды атрымаў агнястрэльнае раненне, яго сапраўды аглядалі. Матэрыялы на гэты конт сапраўды былі далучаны да матэрыялаў справы”.
(Праз восем дзён пасля перастрэлкі журналіст Еўрарадыё бачыў, як сабака, у якога страляў Мікалай П., бегаў па двары).
Следчы камітэт накіраваў у ГУУС Мінгарвыканкама прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоваў, якія паспрыялі трагедыі. Супрацоўнікі патрульна-паставой службы пачалі выязджаць на выклікі ў бронекамізэльках. Таксама ў міліцыі "націснулі" на практычныя заняткі па замацаванні алгарытму дзеянняў у падобных сітуацыях.
“Той выпадак стварыў прэцэдэнт, які прывёў да ўдасканаленняў”, ― паставіла кропку Юлія Ганчарова.
Двор, на якім здарылася перастрэлка
***
Нагадаем, што праз некалькі гадзін пасля перастрэлкі па гарачых слядах журналіст Еўрарадыё пагутарыў з непасрэднымі суседзямі Мікалая П. Здзівіла тое, як станоўча яны апісвалі нябожчыка:
“Добрая сям’я была, ніколі не скандалілі. Быў час, ён выпіваў, але потым гэта скончылася, пачаў хадзіць у храм”.
Трагедыя, па словах суседзяў, здарылася з-за нявыхаванага сабакі, які “кідаўся на мінакоў”. А ў дзень трагедыі хатняя жывёла ледзь не цапнула самога Мікалая П.
“А ён да сабак ставіўся вельмі сур’ёзна. Некалі яго ўласная аўчарка пакусала ўнука, ― узгадаў выпадак з жыцця сусед “Стралка”. ― Тады ён звярнуўся да майго свёкра, каб той аўчарку прыстрэліў”.
Адзіным цывільным сведкам размовы міліцыянераў з Мікалаем П. стала яго жонка. З ёй нам удалося паразмаўляць у дзень пахавання. Жанчына, па яе словах, ускочыла ў дом, калі мужа пачалі скручваць:
“У гэты час ён, відаць, захацеў вырвацца, пабегчы схавацца ў гараж. І пачалася страляніна, паляцелі кулі. Я з перапуду ўскочыла ў пакой і што далей адбывалася — нічога не бачыла, нічога не ведаю… Толькі скажу адно: калі ішла мая суседка з працы, гараж быў адкрыты. Яна і зайшла: ён ляжыць, распрануты да пояса. У яго куля ў спіне, дзве кулі ў жываце і ўвесь твар размажджэраны”.
Жонка мінскага “Стралка”: Яго скруцілі, ён вырваўся, паляцелі кулі
Пасля гэтай размовы сваякі Мікалая П. перасталі выказвацца пра трагедыю. Апошняе, што сын сказаў журналісту Еўрарадыё: “Не раздзімайце тое, чаго няма. Трагічны няшчасны выпадак. Вам маці ўсё сказала па тэлефоне…”
Загінулага прапаршчыка Ігара Іванчыка ўзнагародзілі пасмяротна ордэнам “За асабістую мужнасць”. Кажуць, маёр, які быў паранены ў сцягно, распавядаў, што ад смерці яго ўратавала металёвая бляшка на міліцэйскай шапцы.
Ці працавалі міліцыянеры прафесійна падчас перастрэлкі на Машыністаў?