З-за сітуацыі з каранавірусам у Расіі не будуць працаваць да 11 траўня
З-за сітуацыі з каранавірусам у Расіі не будуць працаваць да 11 траўня. "Пік яшчэ не пройдзены", — заявіў у аўторак расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. На раніцу 28 красавіка ў РФ налічвалася 93,5 тысячы заражаных каранавірусам (+6411 выпадкаў за суткі), памерлі 867 чалавек, ачунялі 8456. Каб недапусціць далейшага распаўсюду COVID-19, улады Расіі спачатку аб'явілі непрацоўнымі дні з 30 сакавіка да 5 красавіка, але пасля працягнулі іх да 30 красавіка. І вось чарговае працягненне вымушанага адпачынку значнай колькасці расіян.
Пуцін перакананы, што чым больш жорсткім будзе каранцін, тым хутчэй у Расіі ўдасца спыніць распаўсюд каранавіруса. Падчас відэасувязі з кіраўнікамі рэгіёнаў ён настройваў іх на "доўгі і складаны шлях". Расійскі ўрад да 5 траўня павінен падрыхтаваць план паэтапнага выхаду з каранціну.
Як вядома, у Беларусі такіх строгіх абмежавальных мер, як у Расіі, не ўводзілася. На аўторак у нашай краіне зарэгістравана 12 208 выпадкаў заражэння каранавірусам (+919 за суткі), ачунялі і выпісаны 1993 чалавек (+253 за суткі), памерлі 79 чалавек (+4 ахвяры за суткі).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.