З-за страйку мытнікаў могуць вырасці чэргі на беларуска-польскай мяжы

На беларуска-польскай мытні з'явіліся чэргі з аўтамабіляў. На выхадных яны могуць істотна павялічыцца, калі польскія мытнікі не спыняць фактычны "італьянскі страйк". Яго сутнасць у тым, што мытнікі выконваюць усе фармальнасці і нарматывы па працэдуры пропуску, але робяць гэта няспешна, таму чарга расце. 
Пра пратэсты заяўляюць прафсаюзы. Мытнікі выказваюць сваю незадаволенасць новымі правіламі ацэначнай схемы.
У адпаведнасці з указам міністра фінансаў Польшчы, заробак мытнікаў цяпер залежыць ад класа катэгорый A, B або C. Тры чвэрці мытнікаў аднеслі да самай нізкай катэгорыі С.
Інфармацыя пра пратэсты з'явілася на дзвярах мытных органаў. Аднак неўзабаве кіраўніцтва загадала іх зняць, што ўзрушыла актывістаў. Як тлумачыць прэс-сакратар Польскай мытні, працаўнікі не маюць права на страйк, а людзей такія цэтлікі на дзвярах толькі блытаюць. Зрэшты, у размове з Еўрарадыё прэс-сакратар мытні ў Белай Падлясцы абвергла факт правядзення італьянскага страйку:
Прэс-сакратар Мажэна Семянюк: “Нам вядома інфармацыя, якая ідзе ад прадстаўнікоў прафсаюза. Але ніхто наўпрост да італьянскага страйку не змушае. Пытанне незадавальнення новымі папраўкамі ў закон з’яўляецца асабістай справай кожнага. Калі б гэта быў сапраўдны страйк, то гэта б адбілася на колькасці аўтамабіляў, што прапускаюцца. Але італьянскага страйку мы не назіраем, рух на мяжы вялікі, але гэта не з-за пратэстаў, а з-за таго, што пачынаюцца святы. Аўтамабілі з Польшчы выязджаюць згодна з сярэдняй нормай. Тыя, хто ўязджае, можа чакаць некалькі гадзін, але гэта звязана з праверкамі аўтамабіляў на нелегальныя і забароненыя тавары. Асобы, якіх даглядаюць даўжэй за іншых, таксама могуць распускаць падобныя чуткі”. 
Як распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар беларускага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, усе нормы польскія мытнікі сапраўды выконваюць, але выказваюцца жаданні, каб яны працавалі хутчэй:
Аляксандр Цішчанка: “У прынцыпе, абстаноўка апошнім часам стабільная – чэргі назіраюцца, і хацелася б прыкласці максімум высілкаў, як з беларускага, так і з польскага боку, каб хутчэй разгрузіць гэтыя чэргі. У прынцыпе, праца з польскага боку ідзе адносна ў штатным рэжыме, але там стаіць пытанне з выкананнем нарматываў, таму хацелася б, каб больш актыўна гэтыя машыны афармлялі”. 
Пасажырскія перавозкі, як правіла, праходзяць згодна з планам. Страйк тычыцца толькі афармлення тавараў. Мытнікі праводзяць падрабязную праверку машын і старанную праверку ўсіх дакументаў, што значна павялічвае час чакання для афармлення. Фармальна яны выконваюць усё па правілах, але не спяшаюцца, калі павялічваецца паток.
Фота з архіву telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі