З ЗША дэпартавалі беларуса, якога вінавацяць у незаконным абароце псіхатропаў

З ЗША дэпартавалі беларуса, якога вінавацяць у незаконным абароце псіхатропаў

З ЗША дэпартавалі беларуса, якога вінавацяць у незаконным абароце псіхатропных рэчываў. 21-гадовы жыхар Гродна амаль два гады хаваўся ад крымінальнага пераследу за мяжой.

Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, перадача маладога чалавека адбылася 17 кастрычніка ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Прадстаўнікі праваахоўных органаў ЗША перадалі дэпартаванага супрацоўнікам Следчага камітэта Беларусі.

Вядома, што гродзенец летам 2015 года быў асуджаны за незаконны абарот псіхатропных рэчываў, але неўзабаве заняўся ранейшымі справамі. У траўні 2016-га ён купіў праз "закладку" асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Але на наступны дзень разам з ім быў затрыманы (пазней затрымалі і асобу, якая прадала псіхатроп). У яго дачыненні распачалі крымінальную справу, падчас расследавання хлопец збег за мяжу. Яго аб'явілі ў вышук па лініі Інтэрпола. У жніўні 2017-га беларуса затрымалі ў ЗША за здзяйсненне махлярства. Праз нейкі час было вырашана дэпартаваць маладога чалавека на радзіму.

Зламысніка абвінавачваюць не толькі ў незаконным абароце псіхатропных рэчываў (арт. 328 КК), але і ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары, расследаванне яго справы працягваецца. Адзначаецца, што дэпартацыя гродзенца стала магчымая, дзякуючы падпісанаму ў пачатку 2018-га кіраўніцтвам Следчага камітэта і ФБР мемарандума аб узаемаразуменні і аказанні прававой дапамогі па крымінальных справах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі