За 3 месяцы падатковая сабрала 750 тысяч долараў з “жабракоў”

Настаўніца з Мазыра набывае сабе кватэру і дзве машыны, паведамляе мазырская падатковая. Адкуль грошы, патлумачыць не можа. Але сплачвае 44 мільёны падатку, паведамляе газета "СБ Беларусь сёння". Высвятляем, адкуль грошы ў настаўніцы з невялікім заробкам і хто яе праверыць пасля падатковай.

“Калі ў чалавека няма пацвярджальных дакументаў, ён плаціць з гэтага падатак. Але мы ж не следчыя, заплаціў у бюджэт — і наша задача заканчваецца”, — апісваюць праверку ў падатковай. Але нехта ж мусіць правяраць, адкуль у чалавека грошы на падаткі.

Як высвятляем, падаткавікі накіроўваюць інфармацыю ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, і тыя разбіраюцца, ці не атрымаў грамадзянін гэтыя грошы злачынным шляхам.

“Калі даходы перавышаюць расходы, плаціцца падатак з даходаў, з розніцы перавышэння. Чалавек мог незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю займацца. Ёсць узаемадзеянне паміж праваахоўнымі і падатковымі органамі. Ім перадаецца інфармацыя, і яны ўжо правяраюць, ці законным шляхам атрыманыя гэтыя грошы. Нейкіх лімітаў на перадачу звестак не існуе”, — тлумачаць у Міністэрстве па падатках і зборах.

Значыць, настаўніцу з дзвюма машынамі і кватэрай мусіць праверыць Дэпартамент фінансавых расследаванняў.

Але ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў не прыгадваюць свежых фактаў, калі грамадзяне, якіх ужо праверыла падатковая, сапраўды атрымалі грошы злачынным шляхам. Адзначаюць: “Нам звычайна дасылаюць інфармацыю тады, калі сума даналічанага падатку перавышае 180 мільёнаў (тысячу базавых)”.

У раённых гарадах вялікія пакупкі пры нізкім заробку не рэдкасць. Напрыклад, у Жлобіне прыгадваюць маладога чалавека, які набыў кватэру і сплаціў 110 мільёнаў у падатак. Шмат, але на праверку ў ДФР не цягне.

“У яго нерухомасць была, заплаціў добрую суму ў падатак. Працаваў дырэктарам камерцыйнага прадпрыемства, даходы былі маленькія”, — прыгадваюць выпадак двухгадовай даўніны ў Жлобіне.

Жыхар Баранавіч набывае BMW-520 і мікрааўтобус “Фольксваген Спрынтэр”. Пасля праверкі падатковай сплачвае 190 мільёнаў падатку. Прычым за 2 гады ён працаваў толькі 4 месяцы. А тут ужо могуць праверыць.

За тры першыя месяцы гэтага года падаткавікі налічваюць 1,5 тысячы грамадзян (фізасобаў), якія “жывуць не па сродках”. Яны плацяць пасля праверкі 10,7 мільярда рублёў (750 тысяч долараў).

Фота: rabotastudentu.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі