За белыя і чырвоную майкі на гаўбцы ў магілёўца забралі ноўтбукі
За вывешаныя на гаўбцы майкі магілёвец Ян Яршоў застаўся без ноўтбукаў, піша ТГ-канал @MAYDAY.
На гаўбцы ў яго віселі дзве белыя і адна чырвоныя майкі. Выпадковым чынам, кажа Яршоў, чырвоная апынулася сярод дзвюх белых. Гэта не спадабалася суседцы, якая 2 снежня выклікала на яго міліцыю.
На выклік прыйшлі два міліцыянты — участковы і прадстаўнік Ленінскага РАУС Магілёва. Яны паведамілі Яршову, што вядзецца пачаты адміністрацыйны працэс, у рамках якога яны маюць санкцыю пракурора на агляд памяшкання і канфіскацыю супрацьпраўных рэчаў.
Праўда, майкі міліцыянтаў не зайікавілі. А вось два ноўтбукі яны канфіскавалі. Павдамляецца, што копію пратаколу і канфіскацыі ноўтбукаў на рукі Яршоў не атрымаў.
На панядзелак, 7 снежня, магілёўца выклікаюць "на гутарку" да намесніка начальніка ААПП Ленінскага РАУС Цімура Пахоменкі.
Вывешваць вопратку белых і чырвоных колераў беларусы сталі апошнія месяцы, каб пазбегнуць абвінавачанняў у дэманстрацыі незарэгістраванай сімволікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.