За два тыдні камунальнікі так і не замазалі рэкламу аб продажы спайсаў (фота)

За два тыдні камунальнікі так і не замазалі рэкламу аб продажы спайсаў (фота)

Аб’яву аб продажы “легальных соляў, спайсаў і рэагентаў” размясцілі прама на дзвярах  сталічнага пад’езда па вуліцы Чкалава, 13. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла два тыдні таму.

Паловы месяца камунальнікам з Кастрычніцкага раёна сталіцы не хапіла для таго, каб замазаць гэтую рэкламу. Хоць зрабіць гэта два тыдні таму абяцалі неадкладна.

За два тыдні камунальнікі так і не замазалі рэкламу аб продажы спайсаў (фота)

Што цікава, у дворыках па Чкалава і Аэрадромнай такіх аднолькавых аб’яў з адным і тым жа кантактам дылера нямала. Цягам 20 хвілін знаходзім іх чатыры. Усе надпісы накрэмзаныя перманентнымі маркерамі не на сценах, а на дзвярах у пад’езды.

Аналагічныя надпісы бачым па адрасах Чкалава, 23/1 і Аэрадромная, 9.

“Я не разумею, што тут напісана, але гэта на дзвярах ужо з месяц. Нібыта мы плацім прыбіральшчыкам, але надпіс ніхто не чапае. Мне ўжо 87, сама я гэта выцерці ніяк не магу”, — скардзіцца адна з мясцовых пенсіянерак.

Выглядае, што толькі ў гэтых дварах спайсы рэкламуюць адразу некалькі груповак. На некалькіх пад'ездах па Чкалава, 9/2, прапаноўваюць так званы наркатычны “крыстал”, але пад аб’явай указаны ўжо іншы кантакт зашыфраванага мэсанджара.

Спрабуем адшукаць прадаўцоў па пазначаных кантактах. Іх уліковыя запісы ў зашыфраваным мэсанджары знаходзім, але ніхто не адказвае. Ці то на саміх дылераў выйшла інтэрнэт-разведка МУС, ці то прадаўцы змянілі месца дыслакацыі.

Праблема з рэкламай спайсаў на сценах дамоў і на дзвярах пад’ездаў востра стаяла ў Расіі і Украіне. У тым жа Смаленску камунальнікаў штрафуюць за несвоечасовае сціранне нелегальных надпісаў. У Беларусі, здавалася б, барацьбу з наркотыкамі зрабілі адным з пастулатаў дзяржідэалогіі. Але на справе, як бачна, далёка не ўсіх гэтая праблема турбуе.

“Гэтае пытанне я не кантралюю, не вяду. Але памятаю, што некалькі тыдняў таму дырэктар ЖКГ на планёрцы казаў, каб усе падобныя праявы тут жа зафарбоўваліся”, — узгадвае Эльвіра Костык, в.а. дырэктара ЖРЭА Кастрычніцкага раёна Мінска.

Звяртаемся ў мясцовае ЖЭУ №2. Менавіта гэтае падраздзяленне павінна нейтралізоўваць "крамольныя" надпісы. Але начальства ЖЭУ №2 аказалася вельмі занятым, сфармуляваць прычыну сваёй непаспешлівасці па сціранні рэкламы спайсаў не змагло.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі