За хабар у памеры $1200 затрымалі намесніка гендырэктара БелАЗа
МУС Беларусі паведаміў пра затрыманне шасці ўдзельнікаў злачыннай групы, якія ўдзельнічалі ў махінацыях пры набыцці металу для БелАЗа. 4 ліпеня ў Мінску падчас атрымання хабару ў памеры 1200 долараў затрымалі намесніка гендырэктара прадпрыемства па фінансавай і эканамічнай палітыцы. Грошы яму перадаў прадстаўнік камерцыйнай структуры са сталіцы за спрыяльнае вырашэнне пытання з пазачарговай аплатай за пастаўленую на завод партыю металу.
Далей праваахоўнікі правялі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і на наступны дзень былі затрыманыя начальнік бюро і эканаміст БелАЗа. Высветлілася, што ў чэрвені і ліпені сёлета яны таксама атрымлівалі хабар за спрыяльнае вырашэнне пытання з заключэннем дамоваў на пастаўку металу. МУС сцвярджае, што незаконная схема дзейнічала з мінулай восені. Метал завод купляў на кошце, які перавышаў рынкавы. Менавіта за гэта камерсанты і давалі хабар, “сістэматычна”. Высветлілася, што іх памер складаў пэўны адсотак ад сумы здзелкі.
Адзначаецца, што з ліку шасці затрыманых трое — службовыя асобы БелАЗа, трое — камерсанты. Крымінальныя справы распачалі па артыкулах “атрыманне хабару” і “дача хабару”. Прадстаўнікам завода пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, прадстаўнікам камерцыйнай фірмы — да 7 гадоў зняволення. Накладзены арышт на маёмасць фігурантаў справы (6 аўтамабіляў прэміум-класа, грошы, каштоўнасці, 7 аб’ектаў нерухомасці).