За каментар супраць міліцыянта бацьку двух маленькіх дзяцей далі 2 гады "хіміі"
22 лютага суд Першамайскага раёна Віцебска прызнаў 28-гадовага Аляксея Капітонава вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). Яму прысудзілі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"), пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Па версіі суда, 3 кастрычніка 2020 года віцяблянін абразіў міліцыянта-кіроўцу роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі АУС адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска. Мужчына напісаў у Instagram каментар, дзе ў непрыстойнай форме абражаў пацярпелага сілавіка і выказваў негатыўную ацэнку.
Міліцыя апублікавала відэа з Капітонавым. З яго словаў вынікае, што каментар датычыў моманту затрымання жанчыны і распылення слезацечнага газу.
На судзе віцяблянін цалкам прызнаў сябе вінаватым. Суд улічыў чыстасардэчнае раскаянне і наяўнасць на ўтрыманні Капітонава двух малалетніх дзяцей.
Прысуд пакуль не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законам парадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.