За месяц бязвізавага рэжыму на Гродзеншчыну прыехала болей за 800 замежнікаў
За першы месяц дзеяння бязвізавага рэжыму Гродна і Гродзенскі раён наведала болей за 800 замежнікаў. Такія дадзеныя агучыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў падчас наўпроставай тэлефоннай лініі з насельніцтвам рэгіёна. Паводле чыноўніка, замежныя турысты цікавяцца аб’ектамі як у Гродне, так і ў ваколіцаў, найперш на Аўгустоўскім канале, прычым гэта адбываецца нават не ў турыстычны сезон. Усяго зарэгістравалася для наведвання бязвізавай зоны 1,1 тысяча замежнікаў.
Краўцоў таксама адзначыў, што трэба развіваць адпаведную турыстычную інфраструктуру і чакае прыход бізнесу ў гэтую сферу, перадае БЕЛТА.
Указ прэзідэнта №318, які дае права замежнікам наведваць турысцка-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал” без візы, пачаў дзейнічаць 26 кастрычніка. Паводле дакумента, замежнікі могуць прыехаць у бязвізавую зону на 5 сутак. Апроч самога канала, дазволена наведваць прылеглыя тэрыторыі, да якіх адносіцца і Гродна. Указ будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года і ад вынікаў яго рэалізацыі залежыць, ці працягнуць дзеянне дакумента на большы тэрмін.