За неаплату паслуг ЖКГ святло летась адключалі тысячам мінчан
Святло летась за неаплату адключалі амаль у 15 тысячах кватэр
Летась за неаплату паслуг ЖКГ электрычнасць адключалі гаспадарам 14 810 кватэр, расказвае агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на прадстаўнікоў аб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка".
За неаплату адключалі і ваду. Без вады заставаліся ўладальнікі 2 198 кватэр, яшчэ ў 31 кватэры адключалі дамафоны.
Камунальнікі кажуць, што з неплацельшчыкамі яны цяпер змагаюцца не толькі адключэннем паслуг. У іх таксама ёсць магчымасць праз суд дабіцца арышту фінансаў і маёмасці даўжнікоў. Летась такім чынам яны выйгралі 1 764 справы. Калі гаспадары не плацяць за кватэру больш за паўгода, камунальнікі могуць хадайнічаць аб адчужэнні жылля. Але нават калі суд пастановіць забраць кватэру неплацельшчыка, ва ўласніка яшчэ ёсць шанец пагасіць доўг на працягу года і захаваць жыллё. Ці былі факты канфіскацыі кватэр за нясплаты ЖКГ летась, агенцтва не ўдакладніла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.