За парушэнне рэжыму самаізаляцыі склалі больш за 200 пратаколаў

За парушэнне рэжыму самаізаляцыі склалі больш за 200 пратаколаў

У Беларусі за парушэнне рэжыму самаізаляцыі з-за каранавіруса склалі больш за 200 адміністрацыйных пратаколаў. Пра гэта ў сераду падчас стрыма ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміла начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў, прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. Паводле яе слоў, самы вялікі штраф склаў 45 базавых велічынь — 1215 рублёў (максімальна могуць аштрафаваць на 50 базавых велічынь). Раней чыноўнікі выказвалі меркаванне пра эфектыўнасць пакарання "рублём".

За апошнія суткі міліцыянеры і медработнікі праверылі 10 432 чалавек, якія знаходзяцца на самаізаляцыі. 530 з іх адсутнічалі, але яны далёка ад дома не адлучаліся і іх знайшлі. А вось месцазнаходжанне 29 чалавек так і не выявілі (раней адзін гродзенец накіраваўся ў рэйс). У папярэдні дзень было праверана больш за 10 тысяч чалавек, адсутнічалі каля 350, але іх месцазнаходжанне было высветлена.

"Карціна мяняецца, — кажа Чамаданава. — Безумоўна, мы разлічваем, што нашы грамадзяне павінны самі быць зацікаўлены выконваць патрабаванні самаізаляцыі...".

Падчас стрыму было прызнана, што ёсць супрацоўнікі міліцыі з каранавірусам, але іх колькасць не назвалі. Сілавікам рэкамендуюць насіць медыцынскія маскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі