За паўгода да берагоў Італіі і Мальты даплылі больш за 8 тысяч уцекачоў

Грэцыя, Іспанія і Італія не спраўляюцца з хваляй уцекачоў, якія праз мора даплываюць да еўрапейскіх берагоў. Паводле дадзеных ААН, за паўгода да Італіі і Мальты даплылі 8400 уцекачоў. Лічба даволі вялікая, калі ўзгадаць, што сама Мальта налічвае 415 тысяч жыхароў.

“Знешнія межы ЕС часткова перагружаныя, але гэты факт не апраўдвае цяжкіх парушэнняў правоў чалавека”, — кажа Карл Коп, прэс-сакратар праваабарончай арганізацыі Pro Asyl.

У мінулым месяцы Еўрапейскі суд пастанавіў, што Мальта павінна выплаціць кампенсацыю самалійскай жанчыне, якая была затрыманая ў чаканні дэпартацыі, за “нечалавечае абыходжанне”.

Невялікая Мальта аказалася негатовай да такой колькасці мігрантаў. Але, напрыклад, у Аўстрыі, куды таксама імкнуцца ўцекачы, качаць правы таксама не вельмі атрымоўваецца. Нядаўна Gazeta Wyborcza распавядала, як у Вене паліцыя скончыла 10-месячны пратэст уцекачоў, у асноўным пакістанцаў, супраць дрэнных умоваў утрымання. А мясцовы МЗС паказальна хутка адмовіў ім у статусе ўцекача і нават ужо дэпартаваў пару чалавек, хаця звычайна такая працэдура цягнецца некалькі гадоў.

Увогуле кожная еўрапейская краіна трактуе ўцекачоў па-свойму. Таму ЕС плануе распрацаваць агульную палітыку ў гэтым пытанні. А Карл Коп кажа, што трэба зрабіць, каб дапамагчы тым, хто патрабуе дапамогі.

Карл Коп: “ЕС больш не мусіць затрымліваць людзей і будаваць новыя турмы за кошт еўрапейскіх фондаў. Замест гэтага трэба фінансаваць будаванне гуманітарнага жылля ў Грэцыі, у якое перасяляць людзей з турмаў”.

Карл Коп мяркуе, што ўцекачы мусяць размяркоўвацца па ўсёй Еўропе. Еўрасаюз рэгулярна звяртаецца да паўночных краін, каб тыя прымалі больш уцекачоў з крызісных рэгіёнаў, піша Deutsche welle. Але, напрыклад, у Швецыі гавораць пра памяншэнне колькасці ўцекачоў: разлічваюць, што да канца года іх будзе 45 тысяч, хаця раней чакалі на 9 тысяч чалавек больш. Прычына спаду — узмацненне памежнага кантролю ЕС. Але ў Шведскім савеце па пытаннях міграцыі лічаць, што ў наступным годзе, калі NATO пачне выводзіць войскі з Афганістана, пытанне ўцекачоў зноў можа стаць балючым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі