За паўгода Расія паставіла ў Беларусь 6,22 млн тон нафты

Завод "Газпрамнафта" ў Омску / Reuters
Завод "Газпрамнафта" ў Омску / Reuters

За першае паўгоддзе 2021 года Расія паставіла ў Беларусь 6,22 млн тон нафты, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на Цэнтральнае дыспетчарскае ўпраўленне паліўна-энергетычнага комплексу РФ. Экспарт у Беларусь у параўнанні з мінулым годам вырас на 34%.

Калі зыходзіць з раўнамернага размеркавання паставак нафты па годзе і аб'ёме ў 18 млн тон, які закупляўся Беларуссю да 2020 года, то аб'ём імпарту з РФ у першым паўгоддзі павінен быў скласці 9 млн тон, заўважае reform.by.

У краіны далёкага замежжа экспарт расійскай нафты ў першым паўгоддзі 2021 года склаў 104,06 млн тон, што на 12,1% ніжэй за аналагічны паказчык 2020 года.

Масква і Мінск узгаднілі ўмовы паставак расійскай нафты на 2021 год у мінулым снежні "на ранейшых умовах". Тым не менш нядаўна з'явілася інфармацыя пра тое, што расійская кампанія "Транснафта", якая з'яўляецца аператарам трубаправода "Дружба", адмовілася ад паставак нафты на наваполацкі "Нафтан". 

Раней выказвалася меркаванне, што нафтавыя кампаніі не хочуць супрацоўнічаць з беларускім прадпрыемствам, якое трапіла пад эканамічныя санкцыі ЗША. 

У той жа час Беларусь падпісала пагадненне аб пастаўках нафты з Казахстанам аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў. Праўда, казахская нафта пачне паступаць у Беларусь не раней за кастрычнік 2021 года — спачатку пагадненне мусіць быць ратыфікаванае ў парламенце, які адновіць працу восенню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі