За публічную абразу Лукашэнкі жыхар Гомеля асуджаны на год калоніі
За публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі жыхар Гомеля асуджаны на год калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне 16 снежня прыняў суд Хойніцкага раёна (суддзя — Андрэй Кардаш). Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда. Адзначаецца, што прысуд яшчэ можа быць абскарджаны. Мужчыну ўзялі пад варту ў судовай зале.
Радыё Свабода ўдакладняе, што асуджаны — жыхар Гомеля Аляксей Раманаў. Ён — інвалід другой групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем. У ліпені на пікеце ў Хойніках у падтрымку Святланы Ціханоўскай Раманаў негатыўна выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі (ён быў валанцёрам і ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах): "Наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме". Экспертыза засведчыла, што яны "змяшчаюць негатыўную ацэнку" Лукашэнкі.
Аляксей Раманаў заявіў, што прызнае сябе вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі як чалавека. Кіраўніком дзяржавы ён яго не лічыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.