За сэкс на вуліцы маладыя людзі атрымалі год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай
За сэкс на вуліцы ў Мінску хлопец і дзяўчына атрымалі 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на год. Таксама яны мусяць адпрацаваць па 100 гадзін грамадскіх работ. Іх дзеянні кваліфікавалі як "хуліганства, здзейсненае групай асоб" (ч. 2 арт. 339 КК). Такое рашэнне 15 верасня вынес суд Фрунзенскага раёна сталіцы. Крымінальную справу разглядалі на закрытым пасяджэнні.
Як інфармавала Еўрарадыё, 18 ліпеня ў Twitter з'явілася фота, на якім відаць, як маладыя людзі на вуліцы знаходзяцца ў любоўнай позе. Здымак зрабіў адзін з карыстальнікаў сацсеткі а палове 6-й раніцы быццам на вуліцы Скрыпнікава ў мінскім раёне Сухарава. Міліцыя паабяцала, што пасля праверкі дасць прававую ацэнку і дзеянням маладых людзей, і распаўсюджвальнікаў фота. Неўзабаве было заяўлена, што фота фэйкавае, узятае з інтэрнэту. Аднак праз месяц справа атрымала працяг. У сюжэце на "Беларусь 1" было паведамлена, што міліцыя знайшла маладых людзей з фота: 19-гадовага хлопца і 17-гадовую дзяўчыну. Праваахоўнік пацвердзіў, што яны сапраўды "здзейснілі палавы акт" у двары жылога дома. Было адзначана, што хлопец з'яўляецца чальцом незарэгістраванага аб'яднання футбольных фанатаў.
Хлопец з фота ў Сухарава: Мы пачалі цалавацца, а потым — усё. Жарсць