За што дэпутаты парламента атрымліваюць штомесячную прэмію

За што дэпутаты парламента атрымліваюць штомесячную прэмію

Год таму, на пачатку сваёй дэпутацкай дзейнасці, Ганна Канапацкая і Алена Анісім публікуюць у сацсетках звесткі пра свае заробкі. У разліковых лістах народных абранніц увагу прыцягвае радок “Штомесячная прэмія”: за 12 працоўных дзён у кастрычніку 2016 года Канапацкай налічана 214,78 рубля прэміі, а Анісім за 21 працоўны дзень у лістападзе ― 375,87 рубля.

Праўда, нават гэтыя дзве дэпутаткі-дэмакраткі больш не публікавалі фота сваіх разліковых аркушаў. Алена Анісім не хавае, радок “прэмія” там прысутнічае штомесяц. Кожны раз з рознай сумай, але, тым не менш.

Цікаўлюся, за што прэміруюць дэпутатаў? Можа, за распрацаваны законапраект, унесеныя праўкі ці актыўнасць у Авальнай зале?

“Я не цікавілася, шчыра скажу. Па той простай прычыне, што такія пытанні часам вырашаеш, што не да таго, каб бегаць і цікавіцца. Не таму, што я такая нецікаўная: прыйшло, і прыйшло. Проста не засяроджвала на гэтым увагу, не заўважыла і не пайшла высвятляць. Я працую так, як лічу патрэбным працаваць, а ўсё астатняе для мяне застаецца за кадрам”, ― шчыра прызнаецца Алена Анісім.

Таямніцу дэпутацкіх прэміяльных раскрывае дэпутат Валерый Барадзеня. Высвятляецца, што прэміруюць народных абраннікаў не за нейкія дасягненні, а за кошт… “прагулаў” калег. Калі яны з той ці іншай нагоды бяруць адпачынак за свой кошт.

Валерый Барадзеня: “Калі Канапацкая возьме за свой кошт два дні і паедзе некуды, дык будзе эканомія, якая потым размяркуецца паміж усімі дэпутатамі [для паездкі на Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Ганне Канапацкай кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў прапанавала ўзяць два дні за свой кошт. ― Еўрарадыё]. Гэтыя грошы нельга нікуды накіраваць, апроч як на аплату працы. Гэта не прэмія нават, а эканомія агульнага фонду. Калі вы пацікавіцеся, дык, напрыклад, старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі ездзіць заўжды за свой кошт і амаль не атрымлівае заробак, што ненармальна як па мне. Старшыня Назіральнай рады Чырвонага крыжа, наш калега, таксама за свой кошт ездзіць і амаль не атрымлівае заработнай платы. Што таксама не вельмі нармальна”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што грошы Дзевятоўскага…

Валерый Барадзеня: Я ў тым ліку іх атрымліваю ў выглядзе прэмій. Так і атрымліваецца, Дзевятоўскі бярэ за свой кошт, і па справах ездзіць, а я атрымліваю 10 рублёў лішніх.

Праўда, потым удакладняе, што звычайны памер прэміі ўсё ж не 10, а 100-130 рублёў на месяц. Калі гэтую суму памножыць на 110 парламентарыяў, то атрымліваецца, што дзякуючы ўзятым за свой кошт адпачынкам, штомесяц эканоміцца 11-14,3 тысяч рублёў фонду заробкаў. Гэта ж колькі “непарламенцкіх” спраў павінна быць у дэпутатаў!

Вадзім Дзевятоўскі пагаджаецца з калегам па Палаце прадстаўнікоў: сапраўды, па справах, наўпрост не звязаных з працай дэпутата, ездзіць даводзіцца шмат. Ён сапраўды кожны раз бярэ адпачынак за свой кошт. У выніку, атрымлівае добра калі палову звычайнага дэпутацкага заробку, не атрымліваючы нічога за сваю “валанцёрскую” працу на пасадзе старшыні Федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Вадзім Дзевятоўскі: “Усе камандзіроўкі, да гадзіны ўключна, я за свой кошт бяру. Ці за кошт адпачынку. І пытанне заробку вельмі актуальнае: як жыць? Ну, неяк стараюся...”

Вадзім вельмі абураецца за слова “прагульшчык”.

“Я не прагульшчык! Нават дыстанцыйна, нават калі я знаходжуся ў сваім законным адпачынку, я заўжды жыву праблемамі зваротаў грамадзян, праблемамі калектываў ці праектамі законаў. Ці ініцыятывамі, як, да прыкладу, па педафіліі ці па наркотыках. Ніхто не адмяняе гэтую маю “цякучку”, я пастаянна ў ёй. Гэта ўжо мая праблема, як я дзялю свой асабісты час, якога ў мяне ўвогуле няма. Гэта праблемы мае і маёй сям’і, якую я, на жаль, мала бачу”, ― кажа дэпутат.

Тое, што ў дэпутатаў ёсць прэмія, Вадзіма Дзевятоўскага моцна здзіўляе.

“А ў нас увогуле ёсць прэмія?! Я не ведаю такога, каб прэміі давалі дэпутатам. Я, на жаль, у пастаянным форс-мажоры, і нават не звярнуў увагі. А праўда ў тым, што я пастаянна атрымліваю нашмат менш”.

Па словах дэпутата, ён думае звярнуцца да калег з гэтай сваёй праблемай вымушаных “прагулаў”. Бо нават у паездках па справах спорту ён, кажа Дзевятоўскі, выконвае і функцыі парламентарыя ― прапагандуе і прэзентуе Беларусь на міжнародным узроўні. А ў выніку губляе ў заробку.

Праўда, хутчэй за ўсё, і пераважная большасць іншых дэпутатаў можа сказаць тое ж пра свае ўзятыя за свой кошт адпачынкі. Калі гэта прымуць да ўвагі, дык і прэміі не будзе з чаго плаціць.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі