За ўдзел у пратэстах жніўня 2020-га затрымалі 10 футбольных фанатаў
За ўдзел у пратэстах жніўня 2020-га затрымалі 10 футбольных фанатаў. Гэта жыхары Маладзечненскага раёна ва ўзросце 18-42 гадоў. Іх вылічылі аператыўнікі ГУБАЗіК і мясцовага крымінальнага вышуку, паведамляе прэс-служба МУС.
Па версіі міліцыі, 9 жніўня 2020 года фанаты стаялі ў счэпцы на цэнтральнай плошчы Маладзечна. Іх называюць "актыўнымі ўдзельнікамі каляфутбольнага фанацкага руху", якія "прытрымліваюцца праварадыкальных поглядаў".
Усіх затрыманых, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, прызналі падазраванымі па крымінальнай справе "аб арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх".
Са жніўня 2020-га па ўсёй Беларусі былі затрыманыя дзясяткі, а магчыма і сотні футбольных фанатаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.