За "здраду дзяржаве" будуць судзіць цэлую сям'ю з-пад Гомеля
Сям'я Прохаравых
У раскладзе судоў з'явілася імя Васіля, Ларысы і Паўла Прохаравых, піша "Наша Ніва". Гэта бацька-чарнобылец, маці-санітарка і сын-будаўнік. Іх вінавацяць у "здрадзе дзяржаве".
Пра затрыманне Прохаравых стала вядома ў снежні 2023-га. Разам з імі затрымлівалі дачку Анастасію, але, падобна, судзіць не будуць.
Уся сям'я жыла ў вёсцы Грабоўка Гомельскага раёна. Гэтая вёска размяшчаецца за некалькі кіламетраў ад мяжы з Украінай і за 25 кіламетраў ад Гомеля.
Разам з Прохаравымі па справе праходзяць Фёдар Аксененка і Руслан Прахарэнка. Пра іх невядома нічога.
Акрамя "здрады дзяржаве" групу вінавацяць у "распальванні варожасці", "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" і "неданясенні пра злачынства".
Працэс пачнецца 20 траўня ў Гомельскім гарадскім судзе і будзе закрытым. Весці справу прызначаны Вадзім Бобыраў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.