Заблакаваны доступ да сайта TUT.BY
Заблакаваныя і асноўны сайт TUT.BY, і "люстэрка" / скрыншот
У аўторак перастаў адкрывацца сайт TUT.BY. Аб праблемах з доступам паведамілі абаненты МТС і тыя, хто спрабаваў зайсці на старонку партала з-за мяжы. Пазней сайт перастаў адкрывацца і ў абанентаў "Белтэлекама".
Сузаснавальнік TUT.BY Кірыл Валошын паведаміў, што "дамен заблакаваны".
Міністэрства інфармацыі пацвердзіла інфармацыю аб блакаванні сайта і патлумачыла, што рашэнне аб абмежаванні доступу было прынятае "на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры". Прычым заблакаваныя і асноўны сайт, і "люстэрка".
"Генеральная пракуратура выявіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.bу", — гаворыцца ў паведамленні Мінінфарма.
Раніцай у аўторак у офіс TUT.BY і дадому да некаторых журналістаў партала прыйшлі сілавікі.
Пазней Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю паведаміў, што ў дачыненні да службовых асоб ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" заведзеная крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.