Задуха і этыка: як медсястра судзіцца з мінскай паліклінікай
Статуя правасуддзя / pixabay.com
Складаныя ўзаемаадносіны паміж медыкамі рэдка выплываюць на паверхню. Таму суд паміж мінскай паліклінікай №7 і медсястрой Галінай Буян, якая працуе ў гэтай паліклініцы, — унікальны шанц акунуцца ў змрочны вір дробных медыцынскіх страсцяў. Гэта, вядома, не серыял "Клініка". Але амаль дэтэктыў — з удзелам АБЭЗ, пракуратуры і КДК, з задухай у кабінетах, напісанымі пад дыктоўку заявамі і абвінавачаннямі ў неэтычнасці.
Першае пасяджэнне ў судзе Ленінскага раёна Мінска адбылося днямі. Медсястра просіць прызнаць несапраўднымі некалькі дысцыплінарных спагнанняў. Васіль Ваўчок — муж Галіны, які прадстаўляе яе інтарэсы ў судзе, лічыць, што яго жонку цкуюць на рабоце з помсты за паказанні, якія яна дала ў АБЭЗ на іншых супрацоўнікаў паліклінікі.
Таксама Галіна Буян просіць суд абавязаць кіраўніцтва паліклінікі палепшыць умовы, у якіх працуюць медыкі, і пераразлічыць яе заробак.
Гісторыя канфлікту
У снежні 2019 года мінскі Следчы камітэт і АБЭЗ пачалі крымінальную справу супраць загадчыка гаспадаркі 7-й паліклінікі. Асноўнымі сведкамі па ёй праходзілі галоўная медсястра і Галіна Буяк. Яны давалі паказанні і перадалі неабходныя дакументы.
"У канцы 2019 года службовыя асобы і асобныя супрацоўнікі 7-й гарадской паліклінікі пачалі неабгрунтавана патрабаваць ад жонкі выканання дадатковых абавязкаў. Праз яе адмовы яе пачалі ўсяляк трэціраваць, правяраць. Гэта прывяло да накладання трох дысцыплінарных спагнанняў за няпоўныя чатыры месяцы 2020 года. Да гэтага ў жонкі быў 18 гадовы стаж бездакорнай працы, 11 з якіх — у 7-й паліклініцы", — расказвае Васіль Ваўчок.
Скарга на галоўнага доктара
2 красавіка Галіну Буян пакаралі вымовай за выдаванне ўрачэбнай таямніцы. Што адбылося? Аказваецца, медсястра адправіла ў камітэт аховы здароўя Мінгарвыканкама, пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю зварот... наконт некампетэнтнасці в. а. галоўнага доктара паліклінікі Таццяны Касцян. Медсястра сцвярджала, што доктарка выпісала жанчыне аналізы, якія прызначаны выключна мужчынам. У звароце была копія тытульнай старонкі медкарткі пацыенткі і накіраванні на аналіз.
У паліклініцы сабралі камісію па этыцы і дэанталогіі, яе пратакол стаў адной з падстаў для вынясення спагнання. Але Уладзімір Ваўчок звяртае ўвагу суда на склад камісіі: "Камісія па этыцы фармуецца з медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў. А тут у камісіі апынуўся статыстык, галоўны бухгалтар і юрысконсульт. Якія не маюць ні медыцынскай, ні фармацэўтычнай адукацыі".
Паводле інструкцыі Мінздароўя, прынятай яшчэ 28 лістапада 2008 года, камісіі па медыцынскай этыцы і дэанталогіі фармуюцца з медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў. Але Таццяна Касцян не згодная: "У камісіі могуць быць не толькі медыцынскія работнікі", — пярэчыць яна.
Заява пад дыктоўку
Далей падзеі развіваліся так. Пацыентка, у выдаванні звестак пра якую абвінавацілі Галіну Буян, напісала заяву ў камітэт аховы здароўя Мінгарвыканкама. У ёй яна прызналася, што яе першая заява, на падставе якой медсястры вынеслі вымову, была напісана ў прыёмнай галоўнага доктара пад дыктоўку сакратара. У другім дакуменце заяўляе, што была ўведзена ў зман. І да Галіны Буян прэтэнзій не мае.
Але в. а. галоўнага доктара настойвае: накіраваўшы заявы ў КДК і пракуратуру, медсястра парушыла ўрачэбную таямніцу, бо гэтыя ведамствы не адносяцца да профільных арганізацый аховы здароўя. Акрамя таго, па словах Таццяны Касцян, аб прыцягненні да спагнання медсястры напісала сама пракуратура ў сваім адказе паліклініцы. Адвакат адказчыка паабяцаў далучыць гэтыя дакументы да справы наступны раз.
Кантроль па хвілінах
Яшчэ адно спагнанне, якое аспрэчвае Галіна Буян, яна атрымала 31 студзеня за тое, што дзесяццю днямі раней калегі не заспелі яе на рабочым месцы.
"У 16:35 да яе спусціўся доктар пракансультавацца ў нейкіх пытаннях. На рабочым месцы яе не аказалася. Асабістых рэчаў таксама не было. Былі правераны іншыя памяшканні, і яе там не аказалася. Таму быў складзены акт аб адсутнасці на рабочым месцы. І быў падпісаны людзьмі, якія прысутнічалі на рабочым месцы. Потым у 17:06 або 17:18 яшчэ праверылі, ці мала чалавек вярнуўся. Другі раз ужо была складзена дакладная запіска", — расказвае Таццяна Касцян.
Васіль Ваўчок прызнае, што пасля 17:00 яго жонкі ў паліклініцы магло і не быць, але дадае, што да гэтага яна дакладна была на рабочым месцы. Ён звяртае ўвагу, што адсутнасць Галіны Буян у розны час фіксавалі розныя супрацоўнікі паліклінікі. Таццяна Касцян тлумачыць: акты падпісвалі тыя, у каго ў той час была працоўная змена. У некаторых дактароў яна заканчваецца ў 17:00.
Дыхайце! Не дыхайце!
Яшчэ адна праблема, на якую звяртае ўвагу Галіна Буян, — умовы, у якіх працуюць медыкі. У хірургічным кабінеце, дзе знаходзіцца яе рабочае месца, няма прытокава-выцяжной вентыляцыі. Галіна расказвае, што штодня там прымаецца да 80 пацыентаў пры норме 45. У кабінеце душна. А яшчэ там пастаянна выкарыстоўваюцца пахучыя растворы і дэзынфікавальныя сродкі, што не дадае паветру свежасці.
"Адсутнасць вентыляцыі дрэнна ўплывае на здароўе медыкаў, маёй жонкі, — заяўляе Васіль Ваўчок. — Акрамя таго, праз патуранне начальства было прапушчана некалькі генеральных прыборак, што ў цяперашняй эпідэміялагічнай абстаноўцы надзвычай рызыкоўна".
Таццяна Касцян расказвае, што паліклініка ўжо шукае падрадчыка, які б зрабіў рамонт вентыляцыі ў хірургічным кабінеце. Але тут ёсць свае складанасці:
"Будынак паліклінікі 70-х гадоў, тады яшчэ не была прадугледжаная прытокава-выцяжная вентыляцыя. Мы ўнеслі яе ў план работ. Але канчатковае рашэнне аб яе ўстаноўцы прымае не паліклініка, а вышэйстаячыя арганізацыі. Яны вырашаюць, ці ёсць магчымасць, у тым ліку фінансавая, для ўстаноўкі гэтай вентыляцыі ў кабінеце хірургіі".
Наступнае пасяджэнне суда прызначана на 8 траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.