“Захад-2017”: што палохае заходніх экспертаў, а што ― не

“Захад-2017”: што палохае заходніх экспертаў, а што ― не

Афіцыйны Мінск і незалежныя беларускія эксперты сцвярджаюць: ніякай небяспекі для нашых суседзяў і Захаду беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2017” не ўяўляюць. Але Захад іх словам не вельмі давярае. Па словах старшага дырэктара праграм берлінскага Фонда Маршала “Германія-ЗША” Ёрга Форбрыга, у Еўропе добра памятаюць, як пад прыкрыццём вучэнняў Расія правяла падрыхтоўку да анексіі часткі Грузіі і развязвання канфлікту на Данбасе альбо здзейсніла перавод “Іскандэраў” у Калінінградскую вобласць.

Ёрг Форбрыг: “У выпадку з Беларуссю мы можам толькі спекуляваць: ці будзе Расія выкарыстоўваць гэтыя вучэнні з нейкімі сваімі мэтамі ці не. Але мы не выключаем, што вучэнні могуць быць выкарыстаныя для аказання ваеннага і палітычнага ўціску на рэжым Лукашэнкі. Мы бачым, што ёсць напружанасць у адносінах Беларусі і Расіі, і не выключана, што Крэмль захоча вырашыць гэтую напружанасць з дапамогай “Захаду-2017”. Не выключана, што з дапамогай гэтых вучэнняў Расія хоча ўразіць NATO. Яны ж бачаць, што NATO разглядае гэтыя вучэнні як пагрозу для краін Балтыі. Бо вучэнні будуць праходзіць і ў Беларусі, і ў Калінінградскай вобласці і ўзнікае пытанне польскага рэгіёна Сувалкі, праз які ідзе сувязь паміж краінамі Балтыі і астатнім NATO. Ну, і ёсць пытанне Украіны ― што гэтыя вучэнні будуць выкарыстаныя для таго, каб далей ціснуць на гэтую краіну, цяпер ужо з поўначы”.

“Захад-2017”: што палохае заходніх экспертаў, а што ― не
Ёрг Форбрыг, фота Змітра Лукашука

Ускосным пацверджаннем таго, што нават афіцыйны Мінск насцярожана ставіцца да гэтых вучэнняў, нямецкі палітолаг лічыць запрашэнне шырокага кола назіральнікаў на вучэнні. Такое, кажа Форбрыг, адбываецца ўпершыню. Эксперт раіць не губляць пільнасці з-за таго, што ў вучэннях будзе ўдзельнічаць толькі тры тысячы расійскіх ваеннаслужачых.

Ёрг Форбрыг: “Ваенны аспект армія ― гэта толькі адзін аспект той новай дактрыны, якую праводзіць цяпер Расія. У гэтай так званай “герасімаўскай дактрыне” армія адыгрывае частковую ролю. З боку Расіі выкарыстоўваецца шмат розных іншых мяккіх тэхналогій агрэсіі: прапаганда, нефармальныя групоўкі і нават арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дэзінфармацыя і гэтак далей. І таму ў дадзеным выпадку трэба глядзець не толькі на салдат, на афіцыйную армію, але і на тое, што можа адбыцца ў пералічаных сферах. Бо менавіта выкарыстанне гэтай дактрыны і гэтых тэхналогій мы бачылі ва Украіне, у Крыме. І гэтыя стратэгіі сёння больш праўдападобныя, чым прамая ваенная пагроза з боку Расіі”.

Вучэнні “Захад-2017” не нясуць ніякай пагрозы бяспецы і незалежнасці ні Беларусі, ні любой іншай краіны, упэўнены кіраўнік расійскіх праграм Фінскага інстытута міжнародных адносінаў Аркадзь Мошас.

Аркадзь Мошас: “Я не магу выключаць, да прыкладу, парушэння ўкраінскай паветранай прасторы падчас вучэнняў. Такая правакацыя магчымая, каб паглядзець, якім будзе адказ украінскага боку, але гэта адзінае, што я ў гэтай сітуацыі лічу магчымым. Нейкія правакацыйныя дзеянні ў дачыненні да “Сувалкаўскага калідора”… Я не бачу ў іх сэнсу. Бо відавочна, што гэта прывяло б да таго, што заходні “ваенны адказ” стаў бы яшчэ больш жорсткім. Мяркую, перад гэтымі вучэннямі ставяцца тыя ж задачы, якія ставяцца і перад любымі іншымі вучэннямі. Ну, і апроч таго, мэта ваенна-палітычная ― дэманстрацыя існуючых ваенных магчымасцяў. Але ў астатнім усё застанецца ў акрэсленых межах”.

“Захад-2017”: што палохае заходніх экспертаў, а што ― не
Аркадзь Мошас, фота Змітра Лукашука

Ну, а калі ўсё ж нейкія правакацыі з боку Расіі падчас вучэнняў адбудуцца, рэакцыя Захаду на гэта будзе жорсткай? А вось гэта наўрад ці, расчароўвае Ёрг Форбрыг.

Ёрг Форбрыг: “Увядзенне новых санкцый у адказ на нейкія правакацыі Расіі, на мой погляд, малаверагоднае. Бо для гэтага неабходнае рашэнне і Еўрасаюза, і ЗША. Мы бачым, што ў ЗША прэзідэнт вельмі не хоча ўводзіць нейкія санкцыі супраць Расіі. І ў Еўрасаюзе мы бачым, што існуе вельмі моцная апазіцыя супраць любых санкцый ў дачыненні да Расіі”.

Нямецкі эксперт папярэджвае: нават калі ў Беларусі будзе свой Крым ці Данбас, разлічваць давядзецца выключна на сябе.

Ёрг Форбрыг: “Мы бачым на прыкладзе Украіны, што падтрымка з боку Захаду ёсць, але яна абмяжоўваецца палітычнай ды эканамічнай падтрымкай. У Еўропе вельмі не хочуць падтрымліваць Украіну нейкімі ваеннымі рэсурсамі. Такую ж сітуацыю мы бачылі б і ў выпадку Беларусі”.

Нягледзячы на нармалізацыю адносінаў паміж Мінскам і Захадам, Беларусь і Расія застаюцца ваеннымі саюзнікамі і дэманструюць гэта ўсяму свету тым жа “Захадам-2017”, супакойвае Аркадзь Мошас. Але і папярэджвае: адначасова гэтыя вучэнні дэманструюць наяўнасць паміж Расіяй і Захадам ваенна-палітычнай напружанасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі