Заіка: Добрая фінансавая піраміда магчымая, калі створыць яе прафесіянал

111117 ZaikaS.mp3

Еўрарадыё: Наколькі сёння магчыма адраджэнне ў Беларусі фінансавых пірамідаў?

Леанід Заіка: Калі існуюць праблемы ў грашовай палітыцы, любая грашовая адзінка становіцца сумнеўнай, з’яўляецца маса спекулятыўных працэсаў. Сёння невядома, дзе і як захаваць долар і еўра, насельніцтва не ведае, куды ўкладаць грошы. Таму ў такой сітуацыі ўзнікаюць фінансавыя піраміды. Людзі гатовыя пайсці на любую прапанову, нават не разумеючы задуму таго, хто яе прапануе.

Еўрарадыё: Давайце паспрабуем патлумачыць, як працуе такая фінансавая піраміда…


Леанід Заіка: Яна можа працаваць цалкам паспяхова, і ў гэтым у свой час заключаўся “эффект Маўродзі”. Людзі, якія стартуюць, утвараюць пачатковы капітал. Мы даем аб’яву, што ствараем такое фінансавае прадпрыемства, і абяцаем 20% гадавых у валюце, альбо 50%, альбо нават 100%. У некаторых расійскіх кампаніях справа даходзіда да 1000%. Людзі прынеслі свае грошы і паколькі ідзе плынь, усіх бударажаць высокія кошты гэтай паслугі, то наступная хваля ўкладчыкаў прыносіць свае грошы, і з іх узносаў аплачваюцца гэтыя абяцаныя адсоткі. Гэта ніжняя частка піраміды. Калі ў такой пірамідзе прымуць удзел 9 мільёнаў 400 тысячаў беларусаў, то гэтую гульню можна працягваць гадоў дваццаць.

Еўрарадыё: А ў які момант гэта заканчваецца і хто на гэтым больш за ўсіх церпіць?


Леанід Заіка: Гэта заканчваецца тады, калі сума выплат пачынае пераважваць суму паступленняў. Але калі вельмі прафесійна кіраваць укладамі, то піраміда можа атрымацца добрай. Гэта калі грошы ўкладваць у прадпрыемства, якія выстаўленыя на прыватызацыю. Скажам, беларускі ўрад вырашыў прадаць 600 прадпрыемстваў па адной базавай велічыне – па 4 даляры. Я збіраю грошы, даю аб’яву, што даю ўкладчыкам у валюце 30% гадавых, і збіраю грошы. Потым гэтыя грошы – 2400 даляраў - укладваю ў набыццё гэтых прадпрыемстваў. Потым я перапрадаю гэтыя прадпрыемствы. І калі глядзець на расійскія дадзеныя, капіталізацыя у такіх выпадках складала дваццацікратную велічыню, трыццацікратную велічыню і нават больш. У прынцыпе, у хуткім часе гэтыя прадпрыемствы становяцца даражэйшымі амаль што ў 50 разоў.

Еўрарадыё: То бок вы, як эксперт, дапускаеце існаванне добрых пірамідаў, якія не нясуць небяспекі сваім укладчыкам?


Леанід Заіка: Добрая піраміда можа быць створана добрымі, прафесійнымі эканамістамі. Але прафесійныя эканамісты разумеюць, што купіць 600 прадпрыемстваў па 4 даляры немагчыма. Бо пазней іх трэба рэструктураваць, укласці вялікія грошы, каб пазней прадаць. То бок, гэта ўсё на мяжы такога прафесійнага балансавання. Гэта такі неверагодна рэдкі выпадак, аднак, можа атрымацца.

Еўрарадыё: А чаму проста не аднесці грошы да банку? Ну не пад 100 адсоткаў, а , напрыклад, пад 10-20 адсоткаў… Пазычыць грошы і зрабіць тое ж самае.

Леанід Заіка:  Вы зараз нідзе не возьмеце грошы пад такія адсоткі. У беларускіх рублях гэта будзе мінім 50%. Сэнс піраміды не ў тым, каб браць грошы ў банку, а ў тым, каб збіраць іх ад вялікай колькасці насельніцтва. І калі казаць пра “добрыя” піраміды, то такой можа быць толькі адна з сотні. Тэарэтычна, у часы МММ, калі гэтых пірамідаў было шмат, я ўяўляў сабе працэс перахода ад піраміды, якую стварыў Маўродзі, да буйнейшага холдынга, які мог бы стаць абсалютна эфектыўным. У тыя часы акурат ішоў працэс прыватызацыі. Маўродзі тады назбіраў шмат грошай – нямераную колькасць. І тады распачаўся працэс прыватызацыі “Газпрому”. Калі б Маўродзі ўклаў гэтыя назбіраныя грошы у прыватызацыю “Газпрому” і, галоўнае, каб яму далі гэта зрабіць, піраміда была б нармальнай. Але яму проста не далі магчымасці гэта зрабіць чыноўнікі. І ў Беларусі таксама. Цалкам мажліва, што такая прыгожая “гульня” магла б атрымацца. Але я паўтараю, рабіць гэта павінны прафесійныя, адказныя і дастаткова сур’ёзныя людзі. Але, на жаль, калі круцяцца такія шалёныя грошы, гэтай справай займаюцца авантурнікі.

Еўрарадыё: Вы казалі, што чыноўнікі не далі мажлівасці Маўродзі рэалізаваць сваю задумку, але ягоны прынцып гэтыя ж самыя чыноўнікі пазычылі (я кажу пра дзяржаўныя кароткатэрміновыя аблігацыі), і ў 1998 годзе ў Рассіі здарыўся дэфолт…

Леанід Заіка: ДКА – гэта іншая гісторыя. Яны па сваёй тэхналогіі сталіся пірамідай. А насамрэч, гэта абавязацельствы дзяржавы, альбо, дакладней, абавязацельствы урада. Гэта сур’ёзная рэч і яна не падобная да класічнай авантурніцкай піраміды. Але па сваёй “тэхніцы пілатавання”, калі грошы сталі “абразацца” і давалі высокія адсоткі, і ДКА сталі набываць банкі, кампаніі, і грошы браліся пад высокія адсоткі, нават пад 100%, то тады гэты механізм ператварыўся ў “пірамідальны”.  Але насамрэч, па сваёй задуме ДКА не з’яўляюцца пірамідай. Іх продаж практыкуюць і ў ЗША, і ў Канадзе, і ў Бразіліі, дзе заўгодна… Але калі ДКА пераходзі так званы пірамідальны модус, гэта вельмі небяспечна. І акурат гэта здарылася ў 1998 годзе ў Расеі.  

Еўрарадыё: Што вы параіце людзям рабіць з іх грашыма, куды іх несці, у якой валюце трымаць?

Леанід Заіка: Для большасці беларусаў гэтае пытанне неактуальна. У Беларусі норма назапашвання каля 5%. А зараз, калі сярэдні заробак стаў 200 даляраў, зберажэнні сталі маргіналізаванымі. Але для тых, хто іх мае, ёсць тры варыянты: трымаць грошы ў розных банках у розных валютах. Падзяліце іх на тры часткі – часка ў далярах, частка ў еўра і частка, напрыклад, у кітайскіх юанях, умоўна кажучы. Другі момант – можна купіць нерухомасць. Купіць кватэру і здаваць яе ў арэнду – гэта будзе акурат нічога. Але яшчэ адзін геніяальны варыянт - укладвайце грошы ў адукацыю сваіх дзяцей. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі