Заіка: Грошы ад продажу Радзімы ніколі нікому не прыносілі эфекту

Еўрарадыё: Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч учора паведаміў, што ўрад Беларусі вядзе з расійскімі інвестарамі перамовы аб продажы сямі буйных дзяржкампаній. Паводле яго словаў, абмяркоўваецца купля “Гродна Азоту” “СІБУРам” і “Раснафтай”, “Нафтана” – “ЛУКОЙЛам”, “Белтрансгаза” – “Газпрамам”, Мазырскага НПЗ – “Раснафтай”, дзярждолі беларускага МТС – “спадаром Яўтушэнкавым”, “МАЗа” – “Рускімі машынамі” і “Растэхналогіямі”, “Інтэграла” – “Растэхналогіямі”. Напярэдадні НК “Раснафта” і "СІБУР Холдынг" абверглі паведамленне аб вядзенні перамоваў з Беларуссю з нагоды набыцця нафтахімічных актываў. Як вы можаце пракаментаваць гэта?


Заіка: “Справа ў тым, што ў Беларусі зараз пачынаецца распілоўванне агульнай уласнасці – будуць дзяліць тое, што не стваралі ні Мясніковіч, ні Лукашэнка. Расіяне цудоўна разумеюць, што пры такой пастаноўцы пытання, пры змяненні сітуацыі ў Беларусі, узнікне шмат прэтэнзій да тых кампаній, якія, так бы мовіць, гэтую ўласнасць будуць пілаваць. Гэта першы момант, а другі момант, гэта сапраўды, кіруемая дэмакратыя ў Расіі. Крэмль мог даць такога кшталту рэкамендацыю – не спяшацца”.


Еўрарадыё: Хто хлусіць у гэтай сітуацыі, Мясніковіч, які кажа, што перамовы ўжо вядуцца?


Заіка: “У Мясніковіча дастаткова складанае становішча. Ён павінен нешта прыдумаць, каб знайсці 5-15 мільярдаў долараў. Прадаць апошнія штаны, можа не апошнія, але прадаць і з выглядам пераможцы прыехаць у Мінск і сказаць, што мы зрабілі добрую справу — прадалі “фамільнае срэбра”. Ніхто тут не хлусіць. Думаю, што гэта звычайная гульня”.


Еўрарадыё: Як вы кажаце, у нас зараз пачаўся распродаж. На колькі істотна могуць паўплываць на эканамічную сітуацыю тыя сродкі, якія будуць атрыманыя ад распродажу?


Заіка: “Беларусы павінны вельмі негатыўна ставіцца да гэтых сродкаў. Бо грошы, атрыманыя ад продажу сваёй Радзімы, ніколі нікому не прыносілі ніякага эфекту. Калі мы ў наш час дайшлі да заробку ніжэй 300 долараў, калі нас так апусцілі, то прадаваць “фамільнае срэбра” і атрымоўваць нейкія грошы ў бязвыхаднай сітуацыі, – з пункту гледжання агульнанацыянальнай палітыкі, гэта амаль трагедыя. Майце на ўвазе, што зараз рубель стаў таннейшы ў два разы. Усю уласнасць бухгалтары і эканамісты лічаць у рублях. Гэта будзе каласальная гістарычная памылка”.


Еўрарадыё: Але нават калі ўявіць, што “фамільнае срэбра” будзе прададзенае, то гэтых грошай будзе недастаткова, каб палепшыць эканамічную сітуацыю ў нашай краіне?


Заіка: “Гэтыя грошы не прынясуць дабра. Зараз для Беларусі вельмі важны час зразумець, што ўрэшце мы павінны патрабаваць ад кіраўніцтва дакладную справаздачу, і што мы збіраемся рабіць. Мы ўжо ўляцелі ў такую фінансавую дзіру, такі фінансавы тупік, што пры гэтым губляць сваю уласнасць – гэта вельмі неабачліва”.


Еўрарадыё: Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч казаў толькі пра расійскія кампаніі, якія цікавяцца нашымі прадпрыемствамі. Пра што гэта сведчыць, іншыя краіны не цікавяцца беларускай уласнасцю?


Заіка: “Тое, што будзе адбывацца – гэта распілоўванне агульнай уласнасці. З амерыканскімі кампаніямі ўласнасць не будуць пілаваць, бо амерыканцы прытрымліваюцца сумленнай гульні. А пілаваць можна з такой жа расійскай алігархіяй, наменклатурай. Краіна апынецца ў руках тых, хто прадстаўляе сабой палітычную ўладу”.


Еўрарадыё: Беларусь ўсё ж чакае абвальная прыватызацыя, якую Лукашэнка так часта абяцаў у сваіх выступленнях не дапусціць?


Заіка: “Калі беларусы будуць негатыўна выказваць сваю пазіцыю ў дачыненні да гэтага распілу ўласнасці, то прэзідэнт усё ж можа спыніцца ў гэтым. У нас цяпер кепскі час, няма чаго гандляваць сваёй краінай. Зараз час стварыць свой уласны бізнес. Сваімі сіламі мы павінны падняць сваю краіну”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі