"Закон аб адтэрміноўках" не будзе мець зваротнай сілы

"Закон аб адтэрміноўках" не будзе мець зваротнай сілы

"Закон аб адтэрміноўках" не будзе мець зваротнай сілы. Тыя студэнты, якія ўжо цяпер карыстаюцца другой адтэрміноўкай ад войска, змогуць давучыцца да канца. Пра гэта Еўрарадыё распавяла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік:

“Ужо зараз мы можам сказаць, што закон не будзе мець зваротнай сілы. Гэта значыць, што ўсе адтэрміноўкі, якія атрымалі грамадзяне да ўступлення ў сілу новага закона, будуць дзейнічаць, пакуль не адпадуць падставы, па якіх яны былі дадзены. Калі хто ўжо атрымаў адтэрміноўку, гэта жалезна, яна застанецца з імі”.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка закон не падпісаў. У дакуменце пазначана, што ўступіць у сілу ён толькі праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Калі гэта здарыцца пасля афіцыйнага залічэння ва ўніверсітэты, выпускнікі каледжаў і ПТВ, якія ў гэтым годзе паступаюць у ВНУ, атрымаюць магчымасць скончыць вышэйшую адукацыю, не перарываючы яе на службу ў войску.

У апошнія дні чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у аўральным рэжыме ўхвалілі так званы закон аб адтэрміноўках — закон, з дапамогай якога Мінабароны спадзяецца выйграць вайну з "ухілістамі". Новы закон значна абмяжоўвае магчымасці атрымання адтэрміноўкі ад службы ў войску. Перш за ўсё для тых, хто хоча працягнуць адукацыю.

Так, прапануецца выдаваць адтэрміноўкі для атрымання адукацыі толькі адзін раз. Акрамя таго, выпускнікам ВНУ дазволяць замест размеркавання праходзіць службу па кантракце. Ухілістам будуць абмяжоўваць выезд за мяжу. У ваенным білеце могуць зрабіць пазнаку “адсутнасць законных падстаў для непраходжання службы”, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву. Таксама ў законе будуць і іншыя змены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі