Залева сарвала сэт “Ляписа Трубецкого” на “Соседнем мире”
Падчас выступу беларускіх анархатурыстаў на сцэне пачаліся праблемы з апаратурай, перастаў працаваць мікрафон.
Як паведамляюць “Аргументы недели — Крым”, Сяргей Міхалок быў засмучаны сітуацыяй. Лідар "Ляпісаў" рэгулярна выклікаў на сцэну тэхнікаў і ў выніку завяршыў сэт вельмі хутка. Публіка як магла падтрымлівала сваіх куміраў — сама дапявала хіты гурта ў вымушаных паўзах.
Увогуле, сёлетні "Соседний мир" прайшоў пад знакам вады. Дождж затапіў намётавае мястэчка, сапсаваў гандлёвыя намёты і заліў фан-зону перад сцэнай. Але "суседзі" не вельмі сумавалі: наведвальнікі фэсту пераставілі намёты на сухую зямлю, зладзілі баі ў брудзе і каталіся перад сцэнай на дошцы для сёрфінгу!
Штогадовы фестываль “Соседний мир” адбыўся 26-28 ліпеня ў крымскім Судаку. У ім удзельнічалі сем беларускіх гуртоў, сярод якіх J-J Bingz, “НаОдинДень!”, Straightroads, “Чип и Дейл” і іншыя.