"Замест гістарычнай кладкі ― фотапраект Vulica Brasil пра рабочых МЗОРа"
У сеціве з'явіўся адкрыты пост Юліі Іванчыкавай ― PR-менеджаркі некалькіх пабаў і рэстаранаў на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску. У ім яна вінаваціць арганізатараў фестывалю Vulica Brasil у тым, што старую сцяну з гістарычнай кладкай яны выкарыстоўваюць пад новы фотапраект Дашы Бубен пра рабочых “МЗОРа”. Маўляў, "праект Vulica Brasil круты, але калі арганізатары перастаюць чуць горад і проста спрабуюць рэалізаваць свае амбіцыі".
Прадзюсарка фестывалю Міла Котка адмаўляецца "каментаваць тое, што пішуць нейкія людзі ў інтэрнэце". А фатограф Даша Бубен пераконвае, што яе інсталяцыя ― часовая:
"Наколькі гістарычная кладка менавіта ў тым месцы, якое мы хочам выкарыстоўваць пад інсталяцыю мне складана гаварыць, таму што гэта былы аконны праём, які быў, як мне падаецца, зароблены не так даўно. Але сама інсталяцыя часовая. Яна будзе існаваць год. Потым яе можна спакойна дэмантаваць і вярнуць кладцы папярэдні выгляд. У кожным месцы усе крокі фестывалю ўзгодненыя з горадам".
Па словах дырэктаркі культурніцкай прасторы ЦЭХ Юлі Дарашкевіч, тое, што робіць Vulica Brasil для Мінска і вуліцы Кастрычніцкай ― гэта крута. Але арганізатарам трэба быць вельмі акуратнымі.
"Адзінае, хацелася б каб усе ўдзельнікі гэтай вуліцы адчувалі нейкія межы і каб змены не закраналі тыя аўтэнтычныя моманты, якія робяць вуліцу непаўторнай, каб захавалася атмасфера, за якую Кастрычніцкую любяць".
2 верасня на вуліцы Кастрычніцкая пройдзе карнавал Vulica Brasil, які працягнецца 24 гадзіны.