Замежніцу ў Беларусі асудзілі за знятае відэа з вайсковай калонай
Ёй прысудзілі 2,5 года калоніі агульнага рэжыму.
Вярхоўны суд пакінуў без змен прысуд Брэсцкага абласнога суда ў дачыненні да 30-гадовай грамадзянкі замежнай дзяржавы. Жанчыну асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў, абвінаваціўшы ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".
Прэс-служба Генпракуратуры паведамляе, што замежніца пастаянна пражывала ў Беларусі з 2016 года і працавала перакладчыцай у шэрагу буйных кампаній.
У сакавіку 2022 года яна зняла на відэа калону ваеннай тэхнікі, якая перамяшчалася па тэрыторыі Мінскага раёна. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра расійскую вайсковую тэхніку, якая накіроўвалася ва Украіну.
Два відэаролікі жанчына адправіла ў чат-бот тэлеграм-канала, які беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкім". Яна папрасіла зарэтушаваць асобныя элементы відэа, каб яе не змаглі знайсці.
Паведамляецца, што ўлетку 2023-га следчыя здолелі аднавіць перапіску з чат-ботам, а таксама адасланыя відэа. За іх замежніцу і асудзілі.
У апеляцыйнай скарзе яна ўказвала на празмерную строгасць пакарання, але суд вырашыў, што яна ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне.
Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра ўкраінку Кацярыну Бруханаву. Як распавядала Еўрарадыё, яна працавала ў Беларусі перакладчыцай з кітайскай мовы. У ліпені 2023-га яе затрымалі на беларускай мяжы і забралі тэлефон на праверку. Пасля гэтага на Бруханаву пачалі крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.