Запас ходу 150 км, зарадка 6 гадзін. Што з сябе ўяўляе беларускі электрамабіль

Запас ходу 150 км, зарадка 6 гадзін. Што з сябе ўяўляе беларускі электрамабіль

22 жніўня Нацыянальная акадэмія навук прэзентавала першы беларускі электрамабіль. Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка распавёў БЕЛТА, што серыйная вытворчасць электрамабіляў можа быць наладжаная на заводзе "БелДжы", які цяпер будуецца.

"Завод універсальны, вытворчасць наладжаная па поўным цыкле. Прадпрыемства рабатызаванае, можна зварыць любы корпус, трэба толькі задаць пэўную праграму. Калі паўстане пытанне, што беларускаму рынку спатрэбіцца масавая вытворчасць, мы зможам на нашым заводзе вырабляць такія легкавыя аўтамабілі".

Калі стартуе серыйная вытворчасць і колькі будзе каштаваць машына

Аптымізму, як у прэм’ера, на самім прадпрыемстве не так шмат. Хоць эксперыментальны асобнік створаны на базе GeelySC7, які збіраецца ў Беларусі, невядома, калі пачнецца серыйная вытворчасць экалагічнага аўто.

“Пакуль рана гаварыць на гэтую тэму, бо кітайцы нам не далі яшчэ інфармацыі, — гавораць Еўрарадыё на BelGee. — Вы ж зразумейце, што ў нас тут ідзе вытворчасць аўтамабіляў, якія працуюць ад бензінавых рухавікоў. Электрамабілі — перспектыва будучыні. Вядуцца пэўныя перамовы, але пакуль дакладнай інфармацыі няма, ва ўсялякім выпадку, рабіць гэтую інфармацыю публічнай яшчэ рана”.

Што з сябе ўяўляе эксперыментальны беларускі электрамабіль

Магутнасць рухавіка — усяго 80 конскіх сіл (разлічаны толькі на рух па горадзе).

На адной зарадцы ён можа праехаць каля 150 км.

Зараджаецца ад звычайнай разеткі 6 гадзін, ад спецыяльнага зараднага прыстасавання — 3-4 гадзіны.

Падчас выпрабаванняў электрамабіль разганялі да 110 км/г, але гэта не максімальная хуткасць.

Час разгону аўтамабіля да 100 км/г навукоўцы яшчэ не вызначалі. Але Уладзіміру Сямашку, які тэставаў аўтамабіль, разгон спадабаўся.

“Даўно езджу на аўтамабілі з аўтаматычнай каробкай перадач. Розніцы я не адчуў: што едзеш на А8, што на гэтым электрамабілі", — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Што беларускага ў беларускім электрамабілі

Усе кампаненты цягавага электрапрываду легкавіка зробленыя ў Беларусі. Купляць у Расіі давялося толькі цягавую батарэю-назапашвальнік электраэнергіі. Аднак ужо цяпер пастаўленая задача наладзіць вытворчасць батарэй у нашай краіне. Прадстаўнікі Акадэміі навук нават паведамілі, што стварылі новы эфектыўны матэрыял, які можа стаць асновай назапашвальніка энергіі.

А што наконт інфраструктуры для электрамабіляў?

Што праўда, пакуль інфраструктура для падарожжаў па Беларусі на электрамабілі амаль адсутнічае. На сёння можна казаць пра існаванне некалькіх дзясяткаў станцый разам з прыватнымі, якія ўладальнікі электрамабіляў усталявалі для ўласнага карыстання. Але паводле праекта праграмы развіцця электратранспарту, да 2025 года ў Беларусі мусіць з’явіцца 262 зарадныя станцыі, 87 зарадак планавалася адкрыць сёлета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі