“Зарабляю сэксам з-за хваробы маці. Сярод нас ― і наркаманкі, і настаўніцы”
У частцы 1 серыяла пра сэкс-бізнэс у Мінску путана распавядае пра тое, чаму выйшла на панель, колькі зарабляе за вечар і апісвае культуру кліентаў.
Спецыялісты налічваюць у Беларусі каля 50 тысяч жанчын, якія займаюцца сэкс-бізнэсам. Імі можна было б цалкам засяліць такі горад, як Кобрын. Сюды адносяць не толькі тых, хто прапаноўвае сябе на шашы ці ў інтэрнэце. Арганізацыі, што вывучаюць такіх жанчын, улічваюць і тых, хто шукае адносінаў за падарункі, падарожжы, за паходы ў дарагія забаўляльныя ўстановы.
Але навідавоку, натуральна, вулічныя салдаткі сэкс-бізнэсу. Перад хакейным чэмпіянатам свету міліцыя папросту вычысціла ад іх сталіцу. Склалі больш як 350 пратаколаў. Многія пасядзелі на сутках.
Сёння попыт на сэкс-паслугі перавышае прапанову, таму на традыцыйных сталічных кропках каля цырка, ля гатэля “Юбілейны” і на Каменнай горцы дзяўчаты просяць як мінімум 100 долараў за гадзіну ― больш, чым у Берліне. Проста так даваць інтэрв’ю яны жадання не выяўляюць. Але падчас рэйду з сацыяльнымі работнікамі праекта “Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Беларусі-3” нам удаецца паразмаўляць з 24-гадовай Наташай, якая прыязджае на промысел у Мінск з суседняга райцэнтра. Дэфілюе дзяўчына на выездзе з горада двойчы на тыдзень. У сталіцу выбіраецца адразу, як заканчваецца змена на яе прадпрыемстве, што вырабляе медпрэпараты.
Хударлявая, але грудастая, Наташа многім бы, напэўна, спадабалася. Дзяўчына ўжо абслужыла некалькіх кліентаў поруч у лясочку, і непрызвычаены да вулічных путан чалавек у прамым сэнсе ўчуў бы ад яе своеасаблівы пах блуду і разняволенасці.
“На працы можна зарабіць 5 мільёнаў, толькі калі пахаць без выхадных. А тут я за тры гадзіны магу зарабіць 200-300 долараў спакойна” (то бок у ашчадным рэжыме Наташа за месяц можа мець 1000 бруднымі мінус транспартныя выдаткі).
Еўрарадыё: Як вы сюды трапілі? Навошта?
Наташа: Сэксам упершыню я занялася, калі мне было амаль 18. А сюды трапіла праз знаёмую, у 21. Захварэла мама, у яе анкалогія (інфармацыя пацвердзілася ― Еўрарадыё). Тут ад такой працы была спачатку ў шоку, пагаджалася толькі на класіку. Кантакт каштаваў тады каля 40 долараў. Цяпер 60-70 долараў. Калі добрыя кліенты, то робім зніжкі.
Еўрарадыё: Ці прыносіць вам задавальненне гэта праца?
Наташа: Робіш выгляд, зразумела, што табе добра, каб кліент хутчэй кончыў. Але грошы ж недзе браць трэба! Гэта вымушаная мера. Ёсць тут і такія, хто цэлымі днямі стаіць. Дзяцей карміць няма чым. Некаторыя, як і я, выходзяць у непрацоўны час. Ведаю адну такую настаўніцу пачатковых класаў. Стаяць і малалеткі. Ёсць такія, якім 14. Некаторых прыводзяць хлопцы, а грошы потым забіраюць. Многіх прыводзяць мужы-наркаманы. Некаторыя самі наркаманкі. Такіх тут кожная другая.
Еўрарадыё: Калі вас такая праца абцяжарвае, што павінна адбыцца, каб вы сышлі?
Наташа: Трэба, каб мама паправілася і не мучылася. Бо нібыта у нас лячэнне у Бараўлянах бясплатнае, а на самой справе на лекі сыходзіць куча грошай. Маці ў мяне адна, і мне пофіг, хто пра мяне што падумае.
Еўрарадыё: Ці лёгка атрымаць тут на шашы, так бы мовіць, працоўнае месца?
Наташа: Калі ты прывядзеш знаёмую, то дзяўчаты могуць яе прыняць. Калі з’яўляецца нехта левы, спачатку падыдуць і скажуць: “Ідзіце адсюль”. Калі не разумеюць, то так наб’юць галаву, што мала не падасца. Будуць ісці і даваць кухталёў, пакуль будуць бачыць.
Еўрарадыё: Вы працуеце, атрымліваецца, больш за чатыры гады. Ці шмат зарабілі? Ці маеце, скажам, машыну, кватэру?
Наташа: Усе грошы сыходзяць маці на лекі. Жыву ў простым доме. Нават пазногці адрошчваю свае ўласныя. Лепш я буду брудная хадзіць, чым апранацца за грошы, якія тут зарабляю.
Еўрарадыё: Ці здараліся ў вашай сэкс-кар’еры небяспечныя сітуацыі?
Наташа: Пад’ехаў кліент, у лесе зрабілі справу. Тут падышоў нейкі чалавек у вайсковай форме і пачаў цягнуць мяне далей у лес. Той кліент нават не абараніў, змыўся. Я ад вайскоўца змагла вырвацца, ударыла яго палкай, карацей, уцякла. Было, што два хлопцы заблакавалі мяне ў машыне і некалькі гадзін вазілі па ўсім горадзе. Не разумею, што ім было патрэбна. Адзін крычаў: “Будзь маёй жонкай!” На Каменнай горцы падышлі двое з нажом: “Аддавай сумку!” І тут ішоў хлопец, я яму крычу: “Дапамажы!” А яны яму: “Яна ж прастытутка”. Карацей, гэты хлопец мяне выратаваў.
Еўрарадыё: Скажыце, а хто вашы кліенты?
Наташа: Бываюць рабацягі, вайскоўцы, а бываюць і чыноўнікі. З некаторымі цэлы спектакль, шыфруюцца. Бываюць кліенты і са спецслужб.
Еўрарадыё: Няўжо прама прыязджаюць і прадстаўляюцца вам?
Наташа: Не, але з часам завязваюцца адносіны, і яны прызнаюцца. Хлопцы маладыя, можа, стажоры, не ведаю. Бываюць міліцыянеры. Некаторыя плацяць, некаторым даводзіцца даваць бясплатна. Нехта просіць зніжку. Але затое блату колькі! Сувязяў! А ўвогуле, у мяне да міліцыі ні граму даверу. Зразумела, ёсць такія, якія ратуюць. Але не заўжды. Памятаю, галасую на дарозе пасля працы, дадому еду. Яны спыняюцца, забіраюць ― і на трое сутак. А потым яшчэ і штраф уляпілі, больш за мільён. А я ж ужо дадому ехала.
Еўрарадыё: Ці ёсць у вас хлопец ці муж?
Наташа: Цяпер няма. Калі быў, я гэтым не займалася. У мамы была год рэмісія, я тады сюды не прыязджала.
Еўрарадыё: Якога мужа вы б сабе выбралі?
Наташа: Галоўнае, каб падабаўся і да цябе вяртаўся. Здраджваюць жа паўсюль і заўжды. Але калі застукаю ― заб’ю. Хоць мужыкі ў нас!.. Вось сюды жонак на дарогу прывозяць і, пакуль тыя працуюць, на прыпынку накрываюць паляну і бухаюць. Альбо прыязджае кліент і просіць: “Давай без прэзерватыва!” Я яму: “Ты з глузду з’ехаў”. А ён: “Я ў сабе ўпэўнены”. “А ты ўва мне ўпэўнены?” ― пытаюся. Пры гэтым я ведаю, што ў яго жонка і трое дзяцей. Вось вам і мужыкі.
***
Знайсці ў Мінску вулічную путану не так і элементарна. На некаторых кропках яны хаваюцца ад міліцыі за кутамі будоўляў ці ў лясочку і нясмела выходзяць да незнаёмых і знаёмых кліентаў.
Сэкс-кропка насупраць Белдзяржцырку. Фота з сацыяльных сетак Надзеі Замосцік
Кампетэнтныя спецыялісты, якія сутыкаюцца з путанамі штодня, тлумачаць, чаму некаторыя нашы дзяўчаты кідаюцца з галавой у сэкс-бізнэс.
“Гэта эканамічныя прычыны: недахоп грошай. Асабліва што тычыцца маладзенькіх дзяўчынак, ― аналізуе Таццяна Працкевіч, спецыяліст па маніторынгу і ацэнцы праекту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй “Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Беларусі-3”. ― Таксама гэта псіхалагічныя праблемы пасля гвалту бацькам, братам, айчымам і гэтак далей. Калі гвалт меў месца ў малалетнім узросце, дзяўчына ўспрымае сваё цела асобна ад душы: маўляў, можаце рабіць з ім што хочаце. У той жа час ёсць зусім невялікі працэнт жанчын сэкс-бізнэсу, якім сапраўды вельмі падабаецца гэты занятак, і яны ў кожным разе гэтым бы займаліся”.
Паводле даследаванняў, у Мінску праблема вулічнай прастытуцыі найперш звязаная з той шалёнай хваляй наркатызацыі, якая адбывалася ў Беларусі з 2005 года. Каля 40% усіх сталічных вулічных путан спажываюць ін’екцыйныя наркотыкі. І гэта без спайсаў і марак. Пра тое, якімі рызыкамі гэта пагражае кліентам і іх блізкім, чытайце ў наступнай частцы серыялу Еўрарадыё, прысвечанага супрацоўніцам сэкс-бізнэсу. Таксама мы пакажам відэа, як мінскія путаны рэагуюць на вайну ва Украіне і на беларускамоўных кліентаў. Раскажам, якім дзівосам патэнцыйнага кліента вучыць сапраўдная беларуская “сэкс-гаспадыня”.