Засталося 10 патэнцыйных кандыдатаў, але кожны з іх можа быць зняты

Цэнтравыбаркам паведаміў вынікі праверкі подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Праверка паказала, што 100-тысячны бар'ер адолелі 10 прэтэндэнтаў.
Гэта Рыгор Кастусёў, Аляксандр Лукашэнка, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч, Віктар Цярэшчанка, Дзмітрый Ус.

У прадпрымальніка Ўладзіміра Правальскага бальшыня подпісаў аказаліся несапраўднымі. Ва ўсіх астатніх 10 чалавек застаецца магчымасць стаць рэальнымі кандыдатамі на пасаду кіраўніка краіны Беларусі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Ён падкрэсліў, што кожны з цяперашніх 10 кандыдатаў да дня галасавання можа быць зняты з прэзідэнцкай гонкі:

Лазавік: "Такая магчымасць існуе да дня галасавання. Калі нехта будзе парушаць выбарчае заканадаўства, заканадаўства Беларусі, то такая магчымасць не выключана".

Сакратар ЦВК адзначыў, што прычынай для зняцця могуць стаць прэтэнзіі да пададзеных кандыдатамі дакументаў. Бліжэйшым часам ЦВК чакае ад прэтэндэнтаў пісьмовай заявы пра згоду балатавацца кандыдатам у прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі звесткамі, дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці (асобы, вылучанай кандыдатам, яго жонкі, паўналетніх блізкіх сваякоў, якія жывуць з ім разам і вядуць сумесную гаспадарку).

Лазавік таксама адзначыў, што памылкі былі ў сабраных подпісах ва ўсіх патэнцыйных кандыдатаў. Так каля 2,5 тысяч подпісаў былі не ўлічаны за Аляксандра Лукашэнку - па словах сакратара ЦВК, з прычынаў тэхнічных памылак.

Зарэгістраваць кандыдатаў Цэнтравыбаркам плануе да 19 лістапада.

Фота: Fast-Torrent.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі